БЕЛ Ł РУС

Аляксандр Вучыч выступіў са зваротам да народа, вайны Косаву не аб'яўляў. А Косава крыху саступіла пад ціскам ЗША

1.08.2022 / 01:12

Nashaniva.com

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч выступіў са зваротам да свайго народа. Ад гэтай прамовы чакалі ўзмацнення эскалацыі на мяжы Сербіі і Косава, але нічога такога пакуль не адбылося.

Аляксандр Вучыч

У сваёй прамове Вучыч папрасіў міжнародную супольнасць паўплываць на ўлады непрызнанага Сербіяй, але прызнанага значнай часткай сусветнай супольнасці Косава, якія прынялі законы, што абмяжоўваюць правы сербаў у гэтай краіне.

Расіі сербскі прэзідэнт падзякаваў за падтрымку. Але адначасова падзякаваў таксама амерыканскаму пасольству і вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза па міжнародных справах і бяспецы Хасэпу Барэлю.

Таксама Вучыч выказаў надзею, што сітуацыя ў Косаве 1 жніўня разрадзіцца, перадаюць СМІ.

Ніякага абвяшчэння Косаву вайны або «спецыяльнай аперацыі» не адбылося.

«Спадзяюся, што заўтра адбудзецца дээскалацыя, і мы новымі кампраміснымі рашэннямі даможамся міру. Як я сказаў вам сёння, як бы ні было цяжка, Сербія будзе змагацца, капітуляцыі не будзе. Сербія пераможа», — заявіў Вучыч.

Тым часам ЗША заклікалі ўлады Косава адкласці на месяц планы па замене пашпартоў і нумарных знакаў грамадзян на косаўскія. Да прэм'ера Косава Альбіна Курці звярнуўся пасол ЗША ў Косаве Джэф Хавеньер. Косаўскія ўлады да гэтых прапаноў прыслухаліся і перанеслі тэрміны з 1 жніўня на 1 верасня.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула