Сьпякотны «Оўпэн»
Другі год запар у Менску ладзіцца буйны міжнародны турнір «Інаўтамаркет-оўпэн». Гэта ледзь не адзінае ў краіне шахматнае спаборніцтва, дзе аматар можа – у тэорыі – на роўных пабіцца з прафэсіяналам.
Другі год запар у Менску ладзіцца буйны міжнародны турнір «Інаўтамаркет-оўпэн». Гэта ледзь не адзінае ў краіне шахматнае спаборніцтва, дзе аматар можа – у тэорыі – на роўных пабіцца з прафэсіяналам. На практыцы ўступныя ўнёскі адпужалі шмат каго з патэнцыйнага ўлову арганізатараў. За права згуляць дзевяць партый удзельнікі мусілі выкласьці да 90 «умоўных». Што справакавала ціхія нараканьні ў кулюарах Палацу шахмат – які ж гэта, маўляў, адкрыты турнір?
«Крок назад у параўнаньні зь мінулым годам», – адкамэнтаваў падзею заўсёднік Палацу Лявон Шацько. Зь ім нязгодны галоўны судзьдзя Зьміцер Лыбін: «Ад падвышэньня ўнёскаў турнір толькі выйграў». Сапраўды, фірма «Інаўтамаркет» парупілася аб прыемнасьцях для гульцоў і гасьцей імпрэзы. Ад сьпёкі шахматыстаў ратавалі кандыцыянэры. У час урачыстага беларускамоўнага закрыцьця сваё ўмельства паказалі артысты музкамэдыі, «Качаткоў-тэатру» і нязьменны вядоўца Ўладзімер Навіцкі. Дый прызы сягалі сямізначных сум.
Пасьля ўдалага старту выбыў з гонкі найстарэйшы беларускі гросмайстар Віктар Купрэйчык. Прычына – пагаршэньне здароўя.
Добра ўсё ж, калі аматарам ёсьць дзе павыпрабоўваць старыя добрыя шахматы з клясычным кантролем часу. Пераможцамі ж выявіліся «гросы» – украінец Яўген Мірашнічэнка, расеец Ігар Курносаў і беларус Аляксей Фёдараў. Кожны ўзяў па 7 балаў зь дзевяці. Судзьдзі адзначылі і выдатную гульню выхаванца менскай СДЮШАР-11 Сяргея Міхайлоўскага (4-е месца). 26-гадовы мянчук, які напярэдадні шмат папаезьдзіў па расейскіх шахматных Мэкках, выканаў норму гросмайстра, хоць празь нісянеціцу ў ФІДЭ ня мае пакуль нават званьня міжнароднага майстра.
❏
Як бы вы згулялі?
П. Ламака (Беларусь, 2435) – М. Пагасян (Беларусь, 2152)
Адказ: