У Брытаніі і ЗША заявілі, што наўмысная аварыя на Запарожскай АЭС будзе расцэненая як атака Расіі на НАТА
Заходнія чыноўнікі рэагуюць на напружаную сітуацыю вакол ЗАЭС.
«Любое наўмыснае пашкоджанне, што пацягне патэнцыйную ўцечку радыяцыі на ўкраінскім ядзерным рэактары, будзе парушэннем артыкула пяць НАТА», — напісаў у твітары брытанскі дэпутат, старшыня спецкамітэта па абароне ў Палаце грамад Тобіяс Элвуд.
Так ён пракаментаваў паведамленні ўкраінскага боку пра тое, што Расія нібыта плануе правакацыі на захопленай АЭС.
Элвуду адказаў член Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Адам Кінзінгер: «Гэта нават не абмяркоўваецца. Любая ўцечка заб'е людзей у краінах НАТА. Гэта аўтаматычна артыкул пяць».
У артыкуле пяць статута НАТА гаворыцца, што напад на аднаго з членаў альянсу прыраўноўваецца да нападу на ўвесь блок.