БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка загадаў стварыць адзіны дабрачынны фонд пад сваім «дахам»

22.08.2022 / 19:46

Nashaniva.com

Пра намеры Лукашэнкі сабраць усю дабрачыннасць пад сваім «дахам» паведаміла ягоная прэс-служба. Анансаваны гэтым палітыкам фонд павінен заняць месца шматлікіх недзяржаўных арганізацый, зачыненых за апошнія два гады ў Беларусі.

«Ведаю, што многія фонды і фондзікі з Беларусі сышлі, а некаторых мы проста прыбралі, таму што вы ведаеце, чым яны займаліся — на замежныя грошы здзяйснялі перавароты, спрабавалі здзейсніць. Таму мы, калі вывучылі працу гэтых фондаў і іншае, вымушаныя былі ад іх адмовіцца.

Я не хаваю, што былому кіраўніку спраў даручыў стварыць пад імем, ну скажам так, пад дахам прэзідэнта адзіны нацыянальны фонд», — заявіў Лукашэнка.

На ягоную думку, фонд прыцягне людзей, якія шчыра хочуць дапамагчы.

«Натуральна, тыя шчырыя сумленныя людзі, якія хочуць у нас займацца дабрачыннасцю, яны з задавальненнем прыйдуць у гэты фонд, таму што будуць разумець, што ніводная капейка з яго налева ці направа не пойдзе, а будзе выкарыстаная на высакародныя мэты», — лічыць Лукашэнка.

За апошнія два гады ў Беларусі былі па палітычных меркаваннях знішчаныя амаль 300 арганізацый грамадзянскай супольнасці, многія з якіх займаліся акурат дабрачыннасцю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула