The Washington Post: Расія наносіць удары «Калібрамі» па драўляных муляжах HIMARS
Нібыта іх спецыяльна ставяць, каб падмануць саперніка.
Амерыканскае выданне са спасылкай на ананімнага ўкраінскага чыноўніка паведаміла, што за некалькі тыдняў расійскае войска атакавала дарагімі ракетамі «Калібр» не менш за дзесяць ілжывых цэляў — драўляныя муляжы ўстановак HIMARS, якія адпраўляе ва Украіну ЗША.
З гэтым могуць быць звязаныя заявы расійскага боку аб знішчэнні ўкраінскіх HIMARS. «Яны сцвярджалі, што знішчылі больш HIMARS, чым мы нават адправілі», — адзначыў у размове з The Washington Post амерыканскі дыпламат.
Ваенныя эксперты падкрэсліваюць, што такая падманная тактыка прымушае расійскую армію перамяшчаць склады з боепрыпасамі і пункты камандавання глыбей у тыл. Акрамя таго, Расія траціць на знішчэнне фэйкавых цэляў запасы высокадакладных ракет, папоўніць якія з-за недахопу мікрачыпаў будзе складана.