БЕЛ Ł РУС

Першапачаткова «Дняпро» быў наземнай баявой ракетай

31.07.2006 / 14:57

Nashaniva.com

Перш чым разьбіцца ў казастанскай пустэльні разам зь беларускім спадарожнікам, «Дняпро» правёў чвэрць стагодзьдзя на баявым дзяжурстве і, каб пазьбегнуць утылізацыі, быў перароблены ў ракетаносец.

Зразумела, што любая рэч, якая хоць трошачку складанейшая за сталёвую даўбешку, можа зламацца. Пра ракетную тэхніку і казаць няма чаго. Тым ня менш, начная аварыя 26 ліпеня баявой ракеты МБР РС-20 «Ваявода» (SS-18 «Сатана») у варыянце носьбіта «Дняпро» хоцькi ня хоцькi вымушае прызадумацца пра мэтазгоднасьць канвэрсіі МБР. Прынамсі, сёньня.

Ракета стартавала апоўначы і не праляцела і дзьвюх хвілінаў, як адбылося аварыйнае адключэньне рухавіка першай ступені. Носьбіт абрынуўся прыкладна ў 190 км ад касмадрому Байканур і зьнішчыў 18 малагабарытных спадарожнікаў, створаных студэнтамі Расеі, ЗША, Італіі, адмыслоўцамі Беларусі і Калюмбіі. Апроч прадстаўнікоў унівэрсытэцкіх студэнцкіх цэнтраў за стартам назіралі прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік Раскосмасу Анатоль Пярмінаў (Анатолий Перминов).

Ідэя канвэртаваць баявыя стратэгічныя ракеты набыла выгляд устойлівага намеру ў 1993 г., пасьля падпісаньня Дамовы СНВ-2, згодна зь якой Расея мусіла зьняць з баявога дзяжурства значную частку сваіх ракет наземнага базаваньня. У прыватнасьці, унікальныя ў баявых адносінах МБР РС-20.

Здавалася б, усё проста і лягічна. Замест дарагой праграмы утылізацыі, якая ніяк не абышлася б без амэрыканскіх грошай, пазбаўляцца ад непатрэбнага цяпер жалезьзя можна проста «адстрэльваючы» ракеты. Прычым, з трайной выгадай: і дамова выконваецца, і прэстыж краіны ўмацоўваецца, і грошай на камэрцыйных запусках яшчэ можна зарабіць. Плюс да ўсяго падкрэсьлівалася, што на створаную ва ўкраінскім КБ «Паўднёвае» РС-20 можна выдаткаваць усяго 100 000 даляраў, і яна ператворыцца ў першаклясны носьбіт.

Але тое, што атрымалася ў Шарля Пэро ў «Папялушцы» не пасуе для ракетабудаваньня па вызначэньні. Пачнём з таго, што любая пераробка існага пад новыя стандарты і задачы пры неабходнай умове высокай якасьці заўжды нашмат даражэйшая, чым распрацоўка і выраб новага ўзору. Гэтая аксіёма ўсталяваная самім часам і сапраўдная для ўсіх аспэктаў чалавечай дзейнасьці. Таму казаць пра высокую якасьць, іншымі словамі, – надзейнасьць «Дняпра» за 100 тысяч ужо складана.

Зь іншага боку, сёньня не хацелася б далёка сыходзіць у тэхнічны бок. Апроч, бадай, яшчэ адной заўвагі. Хай сабе любы выраб валодае фантастычным запасам трываласьці, надзейнасьці і жывучасьці, чвэрць стагодзьдзя баявой вахты так ці йнакш не маглі прайсьці бясьсьледна. Пра дэталі ж аварыі, будзем спадзявацца, раскажа ўжо створаная спэцыяльная камісія.

(скарочана)

Палітычны аглядальнік «РИА Новости» Андрэй Кісьлякоў (Андрей Кисляков)

РИА Новости

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула