На новай экасцежцы парваўся адзін гамак, таму прыбралі ўсе астатнія
Літаральна два дні таму ва ўсіх раёнах Мінска адкрылі новыя зоны адпачынку, якія абсталявалі ў якасці падарунка сталічным жыхарам да Дня горада. У Партызанскім раёне ўтульнае месца для вольнага часу на прыродзе ўладкавалі ў лесапарку ў межах вул. Солтыса і Ваўпшасава і далі яму назву — экасцежка «Лясное царства». Аднак, як паведаміў «Мінск-Навінам» намеснік кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна Уладзімір Лебедзь, частка добраўпарадкавання ўжо пацярпела ад рук вандалаў.
У зоне адпачынку ўладкавалі «басаногую» сцежку, усталявалі дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, вяровачны гарадок, дэкаратыўны мангал у выглядзе Змея Гарыныча на ўваходзе. З'явілася і зона для ціхага адпачынку з арэлямі-лаўкай і трыма гамакамі. Адзін з гамакоў і стаў ахвярай вандалаў: ён ужо парваны.
Бачачы такое стаўленне да элементаў добраўпарадкавання, у раёне прынялі рашэнне прыбраць з зоны адпачынку гамакі, у тым ліку ацалелыя. Месцы для іх развешвання застануцца, так што любы госць экасцежкі зможа прынесці свой гамак і адпачыць на ім.
У. Лебедзь таксама дадаў, што будзе разгледжаная магчымасць устаноўкі ў зоне адпачынку відэаназірання, каб папярэдзіць далейшы вандалізм або знайсці і прыцягнуць да адказнасці вінаватых, калі тут разбураць нешта яшчэ.