У ініцыятыве Васкрасенскага патлумачылі, каго з палітвязняў адносяць да экстрэмістаў
На нарадзе 6 верасня Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра амністыю. Адпаведны ўказ рыхтуе Міністэрства ўнутраных спраў супольна з Вярхоўным судом і Генпракуратурай. Лукашэнка асобна адзначыў, што «бандыты і экстрэмісты» пад амністыю падпасці не павінны. Каго ж адносяць да экстрэмістаў, а каго не?
Сярод знакавых беларускіх палітвязняў — Марыя Калеснікава, паплечніца Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі. Фота AP via Sputnik
Раней за гэтую тэму адказвала ініцыятыва Юрыя Васкрасенскага. Наколькі стала вядома «Нашай Ніве», цяпер яны прапануюць амністыю для асуджаных па выніках падзей 2020-га года ў фармулёўцы «за выключэннем асуджаных па экстрэмісцкіх артыкулах, а таксама уключаных у спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Якія ж артыкулы там называюць «экстрэмісцкімі»? Ад асоб з кола Юрыя Васкрасенскага «Нашай Ніве» стала вядома, што ў іх ініцыятыве як такія разглядаюць наступныя артыкулы: заклікі да незаконнага захопу ўлады, гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, публічнае апраўданне тэрарызму, гвалт у дачыненні да службовых асоб, распаўсюджванне персанальных даных, публічныя заклікі да санкцый, распраў, падпалаў, гвалту і ажыццяўленне падобных актаў.
Выглядае, што ў выпадку такога падзелу на свабодзе не выйдуць палечніца Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, блогер Сяргей Ціханоўскі, палітык Мікола Статкевіч ды іншыя вядомыя лідары руху за свабодныя выбары. Зрэшты, не выключана, што пытанне маштабу амністыі яшчэ рашаецца.