Славутую беларускую бягуху ледзьве дапусцілі да Мінскага паўмарафону
11 верасня ў Мінску прайшоў чарговы паўмарафон. Сярод 11 тысяч удзельнікаў, што выйшлі на старт, была Святлана Кудзеліч, удзельніца дзвюх Алімпіяд і срэбраная прызёрка чэмпіянату Еўропы. Як аказалася, славутая атлетка магла і не выйсці на старт.
Святлана Кудзеліч. Фота: bfla.eu
Кудзеліч, якая год таму нарадзіла сына, узяла на паўмарафоне бронзу на дыстанцыі 21,1 км. Вышэйшыя месцы на п’едэстале падзялілі паміж сабой Марына Даманцэвіч (падпісантка праўладнага ліста ўзяла золата) і Вольга Немагай.
А крыху пазней Святлана, падпісантка ліста спартсменаў супраць гвалту, падзялілася ў сторыс непрыемнай гісторыяй, звязанай з паўмарафонам. Кудзеліч распавяла, што яе, тытулаваную беларускую бягуху, увогуле не хацелі дапускаць да ўдзелу ў паўмарафоне.
Па словах Кудзеліч, за дзень да старту чыноўнікі сабралі кансіліум, па выніках якога вырашылі ўсё ж такі дазволіць Святлане спаборнічаць. Але з заўвагай.
Рэч у тым, што ў рамках Мінскага паўмарафона чыноўнікі зладзілі таксама адкрыты чэмпіянат Беларусі па паўмарафоне, які адначасова лічыўся адным з этапаў Беларускай легкаатлетычнай лігі. І вось да гэтага мерапрыемства Кудзеліч — беларуску, што выступала за краіну і брала для яе медалі — не дапусцілі.
Пры гэтым у чэмпіянаце прынялі ўдзел расіяне: напрыклад, першае месца сярод мужчын, хоць і ў нейтральным статусе, заняў Рынас Ахмадзееў з Расіі.
Таму адзінай узнагародай Кудзеліч у нядзелю стала бронза паўмарафона. Што да чэмпіянату краіны, там бронзу аддалі Карыне Тамашук — бягусе, што саступіла Святлане хвіліну (вынік 1:18:36 супраць выніку 1:17:36 у Кудзеліч).