БЕЛ Ł РУС

Мінюст абяцае праўкі ў артыкуле 193-1

2.10.2009 / 09:36

Настасся Шамрэй

Пра гэта заявіў чыноўнік Мінюсту на канферэнцыі АБСЕ.

У межах штогадовай нарады АБСЕ па чалавечым вымярэнні, якая адбылася 30 верасня сёлета, прадстаўнікі Асамблеі арганізацыяў зладзілі круглы стол «193-1: Крымінальны пераслед за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў у Беларусі». На гэтым мерапрыемстве

начальнік аддзела па рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі Алег Сліжэўскі паабяцаў, што ў Крымінальны кодэкс будуць унесеныя праўкі адносна артыкула 193-1

У працы круглага стала «193-1: Крымінальны пераслед за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў у Беларусі» удзельнічалі каля 30 чалавек з розных краінаў. Сярод прысутных былі прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі Беларусі з Міністэрства замежных справаў, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства унутраных справаў.

У межах круглага стала прадстаўнікі Асамблеі НДА Беларусі адзначылі: «Мы, усе выступоўцы, з’яўляемся крымінальнымі злачынцамі паводле беларускага заканадаўства. Але мы перакананыя, што праблема ня ў нас, а ў законах і дзяржаве, якая аўтаматычна запісвае ў злачынцы тысячы беларускіх грамадзянаў, адначасова масава адмаўляючы ў рэгістрацыі і забараняючы незарэгістраваныя ініцыятывы».

За апошні месяц дзейнасці кампаніі «Стоп 193-1» беларускія чыноўнікі некалькі разоў выказваліся, што ў хуткім часе крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі зменіцца на адміністратыўную. Падчас круглага стала і падчас канфэрэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні чыноўнік з Мінюста, Алег Сліжэўскі, ў чарговы раз паабяцаў, што змены ў Крымінальны кодэкс будуць унесеныя. Ніякіх канкрэтных заяваў, калі будзе зменена заканадаўства ці якія канкрэтна праўкі плануюцца, Сліжэўскі не зрабіў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула