У Гродне разгледзяць праект другой чаргі рэканструкцыі Старога замка
Будзе абмяркоўвацца рэстаўрацыя палаца Стэфана Баторыя, заявіла начальніца упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
Па словах чыноўніцы, летась значным стала адкрыццё першай чаргі рэканструкцыі аб’екта. Зараз вядзецца актыўная праца па стварэнні інтэр’ерных экспазіцый у Старым замку. Плануецца, што будуць завершаныя Замкавая капліца, каралеўская лазня, пакоі чыноўніка. Што тычыцца алебастравай залы — месца адпачынку караля, то там вельмі складаны камін, таму ёсць верагоднасць, што працы завершацца ў 2023 годзе.
Усе памяшканні, паводле Алены Клімовіч, аднаўляюцца па аналагах XVI стагоддзя. Работы выконваюць спецыялісты «Белрэстаўрацыі».
«Адна з такіх складаных і важных задач, якую зараз мы вырашаем, — праектаванне другой чаргі Старога замка. Яна ўключае сам палац Стэфана Баторыя. Літаральна ў гэтыя дні будзе разглядацца ўжо праект па рэканструкцыі будынка каралеўскага палаца, над якім вялася праца цэлы год», — заявіла Клімовіч.