Пракуратура: амонаўцы нікога не білі
Пракуратура Маскоўскага раёна адказала на скаргу актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі 16 ліпеня 2009 г., паведамляе сайт charter97.org са спасылкай на jeans-by.com.
У той дзень, актывісты ладзілі акцыю салідарнасці з палітзняволенымі ля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Шасцёх удзельнікаў пікета затрымалі амонаўцы. У аўтобусе і ў дзяжурнай часці РУУС затрыманых білі і зневажалі.
У той самы дзень актывісты Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і Алег Ладуцька падалі скаргу ў пракуратуру Маскоўскага раёна Мінска на неправамоцныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
Праверку фактаў, выкладзеных у скарзе, правёў памочнік пракурора Маскоўскага раёна Кучугурны Д.А., а яе вынікі зацвердзіў намеснік пракурора Мазоўка К.В.
Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні амонаўцаў адмоўлена. «Довады пра неправамоцныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі аб’ектыўнага пацверджання не знайшлі», — гаворыцца ў адказе пракуратуры.
Разам з тым, падчас праверкі былі ўстаноўленыя асобы амонаўцаў, якія праводзілі затрыманне. Гэта супрацоўнікі 5 роты ПМСП Чачко Р.А., Белаш І.М. і Гіль А.П. Яны заявілі, што нібыта не прымянялі фізічную сілу ў дачыненні актывістаў апазіцыі.