БЕЛ Ł РУС

Падаляк пра падзенне ракеты ў Польшчы: Толькі Расія нясе адказнасць за вайну

16.11.2022 / 13:03

Nashaniva.com

Адкуль менавіта прыляцела ракета, якая ўпала ў Польшчы ў аўторак вечарам і забрала два жыцці, пакуль не вядома. Ёсць вялікія сумневы, што яе выпусцілі расейцы: магчыма, гэта была ракета ўкраінскага СПА, якая спрабавала перашкодзіць расійскай бамбардзіроўцы. Аднак адказнасць за гэтую трагедыю ў любым выпадку нясе Масква, заявіў дарадца кіраўніка офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк.

«Намер, сродкі выканання, рызыкі, эскалацыя — усё гэта толькі Расія. І тут не можа быць ніякіх іншых тлумачэнняў любым эксцэсам з ракетамі. Таму што, калі краіна-агрэсар наносіць наўмысны масіраваны ракетны ўдар па ўсёй тэрыторыі вялікай краіны на еўрапейскім кантыненце сваёй састарэлай савецкай зброяй (ракеты класа Х), трагедыя рана ці позна адбываецца і на тэрыторыях іншых дзяржаў», — заявіў Падаляк.

«Не бачу ні найменшага сэнсу адыходзіць ад гэтай простай логікі: толькі Расія сваімі ракетнымі нападамі вінаватая ў пагрозах і эксцэсах у іншых краінах», — дадаў ён.

Падаляк заклікаў заходнія краіны нарэшце «закрыць неба» над Украінай (гэта значыць увесці забарону на любыя палёты над тэрыторыяй краіны), пра што ўкраінцы просяць з пачатку вайны.

«Не трэба шукаць апраўданняў і адкладаць ключавыя рашэнні. Еўропе прыйшоў час закрыць неба над Украінай. У тым ліку і для яе ўласнай бяспекі», — упэўнены Падаляк.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула