Алег Гулак: «За недакладныя звесткі адказнасць не прадугледжана»
Старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэта патлумачыў права беларусаў на неразгалошванне прыватных звестак падчас перапісу насельніцтва.
Старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэта патлумачыў права беларусаў на неразгалошванне прыватных звестак падчас перапісу насельніцтва.
«НН»: Ці мае права грамадзін РБ не называць сваё прозвішча і імя перапісчыкам?
Алег Гулак: Перапіс насельніцтва паводле Законе аб перапісе — гэта статыстычныя дадзеныя, і дзяржава сама вырашае, якія дадзеныя павінны быць сабраныя. Калі мы паглядзім, што закон кажа пра неабходнасць грамадзян даваць звесткі, то знойдзем, што грамадзянін абавязаны не перашкаджаць перапісу і прадастаўляць дакладныя дадзеныя. Але адказнасці за парушэнне мы не знаходзім. Мы можам казаць максімум пра маральную адказнасць і наўрад ці можам казаць, што грамадзянін абавязаны даць дакладную інфармацыю, бо за недакладныя звесткі адказнасць не прадугледжана.
Да таго ж артыкул 27 Канстытуцыі РБ кажа, што кожны мае права не даваць звесткі супраць сябе і сваіх блізкіх. Калі грамадзянін баіцца пераследу па падставе дадзеных ім звестак, то можа не адказваць на тыя ці іншыя пытанні. Напрыклад, на пытанні, адносна крыніцаў прыбыткаў.
«НН»: Ці мае права чалавек наогул не адчыняць перад перапісчыкамі дзверы?
АГ: Ізноў жа мы можам казаць толькі пра маральную адказнасць. Гэта права кожнага грамадзяніна.