БЕЛ Ł РУС

Пачынаецца яшчэ адзін працэс над «рэйкавымі партызанамі». На гэты раз — у Гомелі

6.12.2022 / 09:23

Nashaniva.com

У Гомельскім абласным судзе на 6 снежня прызначаная дата разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да двух жыхароў Мазыра: 34-гадовага Сяргея Плешкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча, паведамляе «Вясна».

Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч

Справу будзе разглядаць суддзя Алег Харошка.

Палітвязні Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч пазнаёміліся адно з адным у 2020 годзе падчас паслявыбарчых пратэстаў. Пра іх затрыманне стала вядома 10 сакавіка 2022 года. Як лічыць следства, падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе яны выходзілі на дарогу з бчб-сцягам і блакавалі транспарт на цэнтральных вуліцах Мінска.

Канчатковае абвінавачанне мазыранам выстаўленае па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса:

Згодна з матэрыяламі справы, у перыяд са жніўня 2020 года па люты 2022 года Пляшкун і Сельвіч набылі кампаненты для вырабу «кактэйляў Молатава» і піратэхнічны выраб, якія захоўвалі і перавозілі ў розных транспартных сродках і месцах з мэтай іх наступнага выкарыстання пры здзяйсненні акта тэрарызму, нападзе на будынкі, установы, транспартныя сродкі, а таксама на супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Акрамя гэтага, Пляшкун нібыта сам вырабіў «кактэйлі Молатава» і сумесна з Сельвічам падрыхтаваўся да наўмыснага прывядзення ў непрыдатнасць транспартных сродкаў і шляхоў зносін, што магло пацягнуць смерць чалавека, крушэнне або аварыю.

У працяг сваіх дзеянняў Пляшкун, як сцвярджае следства, выкарыстоўваючы Тelegram-канал, прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем, размясціў відэафайл з каментарамі пра дату і час перамяшчэння ваеннай тэхнікі, ваенізаваных падраздзяленняў і вайскоўцаў з мэтай ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці. Пасля чаго пад'ехаў да аднаго з прадпрыемстваў Мазырскага раёна і дарожнага знака, дзе нанёс фарбай на плот і знак цынічныя малюнкі і надпісы, у якіх даў негатыўную ацэнку жыхарам замежнай дзяржавы, паведамляе Генеральная пракуратура.

З відэасюжэта БТ вынікае, што сачылі за мужчынамі пільна: паказалі кадры са схаванай камеры ў гаражы, дзе мужчыны абмяркоўваюць свае планы. На запісе яны кажуць аб перспектывах пашкоджання рэек.

Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула