«Дамоў без Кубка, затое з катом». Зборная Англіі знайшла на чэмпіянаце свету сімпатычны талісман
Зборная Англіі не змагла перамагчы Францыю ў чвэрцьфінале чэмпіянату свету па футболе ў Катары і не прывязе дадому запаветны Кубак, але затое прывязе — дакладней, перавязе — ката Дэйва, з якім гульцы пасябравалі падчас турніру, піша Бі-бі-сі.
Пляміста-паласаты бадзяжны кот Дэйв прыбіўся да футбалістаў на трэніровачнай базе ў горадзе Вакра практычна адразу і стаў неафіцыйным талісманам каманды.
How my journey began…
— Dave the Cat ⚽️ (@threelionscat) December 12, 2022
pic.twitter.com/FajjTkUcG6
Гульцы «Манчэстэр Сіці» Джон Стоўнз і Кайл Уокер адразу вырашылі, што забяруць яго дадому, калі зборная стане чэмпіёнам свету, але нават пасля пройгрышу французам футбалісты вырашылі, што ўжо не змогуць расстацца з катом.
На працягу некалькіх тыдняў, пакуль зборная была ў Катары, Дэйв увесь час круціўся побач з англічанамі — яны падкормлівалі яго і гулялі з ім кожны вечар. Стоўнз і Уокер асабліва прывязаліся да Дэйва, рэгулярна выкладвалі пасты з ім у сацсетках.
«Толькі мы прыехалі — і адразу з'явіўся Дэйв», — распавёў Стоўнз, які і даў кату новую мянушку.
Пра лёс ката футбалістаў зборнай пыталіся нават на прэс-канферэнцыі незадоўга да чвэрцьфіналу.
«Дэйву добра, — сказаў журналістам Кайл Уокер. — Уначы ў яго была невялікая сутычка з іншым катом. Я думаю, яны пабіліся за тэрыторыю і ежу. Але ў яго ўсё добра».
Welcome to the team Dave x https://t.co/xfhtNl939h
— Larry the Cat (@Number10cat) December 11, 2022
Дэйв, які прамяняе катарскае сонца на англійскую прахалоду, не змог адразу далучыцца да гульцоў зборнай і паляцець у Лондан — спачатку яго адвезлі ў мясцовую ветэрынарную клініку, дзе яму зробяць аналізы і прышчэпкі, пасля чаго кот правядзе чатыры месяцы ў каранціне.
«Няхай футбол не вернецца дадому, затое вернецца Дэйв», — пішуць брытанскія СМІ.
Галоўны мышалоў рэзідэнцыі брытанскага прэм'ера на Даўнінг-стрыт кот Лары ўжо павітаў Дэйва.
«Сардэчна запрашаем у каманду, Дэйв», — напісаў ён у твітары.