Стала вядома, за што зноў судзяць Юрася Зянковіча
З'явіліся падрабязнасці новай крымінальнай справы, заведзенай супраць палітвязня Юрася Зянковіча, аб нібыта абразе ім прадстаўніка ўлады, піша «Вясна».
Як піша дзяржаўная газета «Мінская праўда», «Зянковіч у 2020—2021 гадах неаднаразова з пачуцця помсты ад свайго імя пакідаў абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім».
Такім чынам Зянковіч нібы хацеў паказаць у непрыглядным святле міліцыянераў Мядзельскага раёна. Сярод «пацярпелых» — тры чалавекі.
Суддзя Аляксандр Шутко па хадайніцтве дзяржабвінавачання зрабіў працэс закрытым.
Паводле слоў адваката Зянковіча, з боку абароны будуць запрошаны сведкі, ніякіх доказаў ягонай віны няма.
«Не вядомыя ні месца, ні час, ні тое, хто канкрэтна дасылаў гэтыя паведамленні. Гэта нічым не пацвяржаецца практычна. А ўсе сумневы павінны трактавацца на карысць майго падабароннага. Падчас пасяджэння ён назваў некаторых людзей, якія мелі доступ да яго гаджэтаў. Плюс, хто меў доступ да яго камп'ютара ў офісе, дзе быў усталяваны працоўны тэлеграм. Далёка не адзін чалавек мог дасылаць з яго інфармацыю», — паведаміў абаронца.
Зянковіча асудзілі 2 верасня па «справе змоўшчыкаў» да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён абвінавачваўся па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
Падчас следства Зянковіч, як паведамлялася, адразу заключыў пагадненне са следствам і супрацоўнічаў з ім, але гэта, як ужо не першы раз пацвердзілася, у лукашэнкаўскай сістэме не дапамагае ні істотна змякчыць прысуд, ні засцерагчы сябе ад новага пераследу па надуманых падставах.