БЕЛ Ł РУС

Асудзілі прапаршчыка, які наводзіў дысцыпліну ў сваёй роце пісталетам

10.01.2023 / 20:50

Nashaniva.com

У Мінску асуджаны старшы прапаршчык, які страляў у падначаленых з пнеўматычнага пісталета, выкарыстоўваў супраць іх спецсродкі і збіваў. Ад дзеянняў камандзіра роты адной з вайсковых часцей пацярпелі 18 вайскоўцаў тэрміновай службы, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры горада Мінска. 

Старшы прапаршчык спрабаваў такімі метадамі падтрымліваць у падраздзяленні дысцыпліну і дамагацца выканання загадаў. Працягвалася гэта ўсё з лютага 2021 да студзеня 2022 года.

Крымінальную справу разглядаў суд Заводскага раёна Мінска. Судзілі вайскоўца за «перавышэнне ўлады начальнікам, спалучанае з гвалтам і выкарыстаннем спецыяльных сродкаў»Сваю віну ён прызнаў.

У выніку былому камандзіру прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі, штраф у памеры 4,8 тысячы рублёў і пазбаўленне на 5 гадоў права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Таксама яго пазбавілі вайсковага звання «старшы прапаршчык», а пнеўматычны пісталет канфіскавалі.

Грахі прапаршчыка-«беспрадзельшчыка», праўда, не такія вялікія, як у тых, хто напісаў каментар у інтэрнэце ці выйшаў са сцягам на мірную дэманстрацыю. Таму ён патрапіў пад амністыю. Згодна з ёй тэрмін пакарання яму адразу скарацілі на адзін год.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула