БЕЛ Ł РУС

На Australian Open забаранілі сцягі Расіі і Беларусі пасля выпадку ў першы дзень турніру

17.01.2023 / 08:44

Nashaniva.com

Арганізатары Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе забаранілі прыносіць дзяржаўныя сцягі Расіі і Беларусі пасля інцыдэнту ў першы дзень турніру. Расійскі сцяг з'явіўся на трыбунах падчас матча паміж расіянкай Камілай Рахімавай і ўкраінкай Кацярынай Байндль. Украінскія заўзятары сцвярджаюць, што ўкраінскую тэнісістку правакавалі і дражнілі, пасля чаго яны выклікалі ахову і паліцыю, піша Бі-бі-сі.

Фота: twitter.com/AmbVasyl

Пасол Украіны ў Аўстраліі Васіль Мірашнічэнка ў Twitter заклікаў арганізатараў выконваць умовы нейтральнага сцяга.

«Сцягі Расіі і Беларусі цяпер забароненыя. Забарона ўступае ў сілу неадкладна», — гаворыцца ў заяве арганізатараў Australian Open.

I strongly condemn the public display of the Russian flag during the game of the Ukrainian tennis player Kateryna Baindl at the Australian Open today. I call on Tennis Australia to immediately enforce its “neutral flag” policy. @TennisAustralia @AustralianOpen pic.twitter.com/zw8pLN4FIF

— Vasyl Myroshnychenko (@AmbVasyl) January 16, 2023

Па іх словах, першапачаткова яны дазвалялі заўзятарам праносіць сцягі пры ўмове, што ніякіх парушэнняў і правакацый не будзе.

«Гэта вельмі небяспечна, вайна працягваецца», — цытуе аднаго з фанатаў аўстралійская газета The Age. — Гэта невялікі корт, яны [са сцягамі] былі вельмі блізка да гульцоў, таму я адчуваў элемент запалохвання».

Тая ж газета цытуе аднаго з расійскіх заўзятараў, ён кажа, што яны проста падтрымлівалі суайчынніцу: «Камусьці магло падацца гэта непрыемным, але мы проста заўзелі. Не было ні насмешак, ні непавагі».

Беларуска Арына Сабаленка на пасляматчавай прэс-канферэнцыі сказала, што разумее, чаму сцягі могуць знерваваць украінскіх заўзятараў: «Я заўсёды лічыла, што спорт па-за палітыкай, але калі ўсім так лепш, то гэта добра».

Украінская тэнісістка Марта Касцюк раней сказала, што не будзе ціснуць руку пасля матча спартсменцы з Расіі ці Беларусі, калі толькі тыя не выкажуцца супраць вайны.

«Гэта немагчыма, пакуль ідзе вайна. Хіба што яны рашуча асудзяць дзеянні сваіх урадаў. Проста сказаць «Што «мы не хочам вайны» — недастаткова. Таму што такая фармулёўка сцвярджае, што гэта мы, украінцы, хочам вайны. А гэта не адпавядае рэчаіснасці. Калі хто-небудзь з іх сапраўды вырашыцца выразна асудзіць вайну, тады ён ці яна сапраўды будуць заслугоўваць гуляць тут. А калі яны маўчаць … па-мойму, гэта проста бесчалавечна», — сказала Касцюк.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула