Відэа з пакараным смерцю вагнераўцам магло быць пастаноўкай
Прэс-служба Прыгожына апублікавала відэа з чалавекам, ролік з пакараннем смерцю якога раней размясціў тэлеграм-канал, звязаны з ПВК «Вагнер». На ім мужчына жывы, піша «Настоящее время».
На запісе чалавек, які ў раней апублікаваных відэа называў сябе Дзмітрыем Якушчанкам, сядзіць на фоне бетоннай сцяны. Дзе менавіта знята відэа, незразумела.
На відэа мужчына дзякуе ПВК «Вагнер» за «магчымасць выправіць свае памылкі» і кажа, што яму сорамна за тое, што ён у палоне «нагаварыў шмат рознай х**ні».
Новы запіс быў размешчаны пасля таго, як Яўген Прыгожын адказаў на запыт з нагоды сапраўднасці відэа з пакараннем смерцю Якушчанкі.
«Дзеці забаўляюцца. Вы думалі, што фільм пра Якушчанку — аднасерыйная драма «А зоры тут ціхія», але, думаю, ён больш падобны да «Сямнаццаць імгненняў вясны». Калі ёсць жаданне, можам падзяліцца з вамі наступнай серыяй. Ведайце, дабро заўсёды пераможа зло», — адказаў уладальнік ПВК «Вагнер» Прыгожын.