У Расіі вынеслі першы прысуд «рэйкавым партызанам». Параўнайце тэрміны з беларускімі
У Белгародскай вобласці вынеслі першы з пачатку вайны прысуд па справе аб дыверсіі. Абласны суд асудзіў да трох з паловай гадоў калоніі строгага рэжыму двух мясцовых жыхароў па абвінавачванні ў падрыхтоўцы дыверсіі на шляху руху ваенных эшалонаў. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на ФСБ.
Паводле версіі следства, у сакавіку 2022 года асуджаныя Зяленін і Тур'янскі (называюцца толькі прозвішчы) планавалі «ажыццявіць механічнае пашкоджанне ўчастка чыгункі» перад рухам цягніка ў раёне пасёлка Тамароўка Якаўлеўскага раёна Белгародскай вобласці. У ФСБ лічаць, што яны дзейнічалі ў інтарэсах «нацыяналістычных падраздзяленняў УСУ».
«Згодна са злачыннай задумай, падобныя дзеянні павінны былі прывесці да сходу з рэек, пашкоджання ваеннай і чыгуначнай тэхнікі, ахвяраў сярод вайскоўцаў», — кажуць у ФСБ.
Акрамя таго, як лічаць сілавікі, Зяленін і Тур'янскі накіроўвалі на сайт «Міратворац» звесткі пра расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне.
Прысуд стаў першым па крымінальнай справе аб дыверсіі, распачатай пасля пачатку вайны.
У Беларусі выносяць непараўнальна больш жорсткія прысуды. Светлагорскім «рэйкавым партызанам» за дыверсію на чацвёрты дзень вайны далі ад 21 да 23 гадоў калоніі, двум бабруйскім — па 22 гады.