БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Калі беларускія салдаты будуць уцягнутыя ў вайну, то гэта будзе азначаць страту Беларусі

23.02.2023 / 23:47

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю CNN заявіў, што, на яго думку, Пуцін да гэтага часу не адмовіўся ад намераў акупаваць Кіеў, але цяпер не гатовы наступаць з боку Беларусі, як зрабіў гэта год таму.

Уладзімір Зяленскі з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. 20 лютага 2023 года. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP

Адказваючы на пытанне, ці знаходзіцца Кіеў да гэтага часу пад пагрозай, Зяленскі адказаў: «Думаю, прэзідэнт Пуцін дагэтуль хоча акупаваць Кіеў. Але іх ідэі, місія і надзея тычацца ўсёй Украіны. Каб мы страцілі сваю незалежнасць і свой суверэнітэт».

Прэзідэнт Украіны лічыць, што Пуцін не гатовы да паўторнага нападу на Украіну з тэрыторыі Беларусі.

«Гэта было б вялікай памылкай і для яго, і для Беларусі. Гістарычнай памылкай. Таму што яны нас не акупуюць, бо яны ўжо не такія моцныя, як былі, і нават тады яны не змаглі гэтага зрабіць», — сказаў ён.

Таму, са слоў Зяленскага, цяпер для расіян «будзе велізарным выклікам і праблемай» заняць Кіеў.

«І, як я ўжо сказаў, вялікай памылкай. Таму што яны будуць уцягнутыя ў гэтую вайну — Беларусь, людзі з Беларусі, салдаты з Беларусі. Для іх гэта азначае страту гісторыі, гэта азначае страту Беларусі. Думаю, гэта памылка. Таму я спадзяваюся, што Беларусь не далучыцца да Пуціна і не пойдзе на гэтыя крокі», — дадаў прэзідэнт.

У той жа час, падкрэсліў Зяленскі, калі Беларусь усё ж такі далучыцца да вайны, «яны будуць змагацца, будуць змагацца, яны вытрымаюць».

Чытайце таксама:

Onet: Ігнараванне беларускай апазіцыі — сумная праява страхаў Зяленскага

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула