БЕЛ Ł РУС

Вядучы інжынер не змог уладкавацца на «хіміі» нават падсобным рабочым

1.03.2023 / 09:31

Nashaniva.com

Палітвязень Яўген Батура, які рашэннем суда быў накіраваны ў Магілёўскую ПУАТ №43 (так званая «хімія»), не змог уладкавацца нават падсобным рабочым на магілёўскім ДСК. 

Фота: «Новы час»

Падставай для адмовы стала характарыстыка ад ідэолагаў МТЗ, дзе раней ён прапрацаваў вядучым інжынерам 23 гады. У дакуменце гаворыцца, што палітвязень быў у спісе «ненадзейных», акрамя таго, яго імя значыцца ў «пераліку грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». І гэта стала прычынай для адмовы ў працы па шліфоўцы бетонных пліт на заводзе домабудаўнічага камбіната, паведамляе Mayday.team.

Абсурд сітуацыі заключаецца ў тым, што накіраванне ў ПУАТ прадугледжвае абавязковае працаўладкаванне асуджанага на цяжкіх і малааплатных участках накшталт шліфоўкі пліт. Але адміністрацыя ПУАТ рызыкуе не знайсці працоўнага месца для вязня з «палітычным» мінулым.

У ПУАТ №43 Яўген Батура быў накіраваны з 12 лютага гэтага года. Прысуд па артыкуле 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Грамадскі актывіст быў затрыманы ў Мінску 29 чэрвеня 2022 года, але абвінавачаны ва ўдзеле ў маршы работнікаў МТЗ, датаваным яшчэ жніўнем 2020 года. Пасля ператрусу ён быў змешчаны ў СІЗА №1, дзе правёў да суда тры месяцы, нягледзячы на тое, што на той момант яго жонка была цяжарнай.

Улічваючы прысуд і каэфіцыент, які ўжываецца пры ўтрыманні ў СІЗА, вязень у ПУАТ практычна адразу ж трапіў на камісію па ўмоўна-датэрміновым вызваленні, бо афіцыйна адбыў чвэрць тэрміну. Аднак адміністрацыя папраўчай установы палічыла, што ён «не стаў на шлях выпраўлення» і ў вызваленні было адмоўлена.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула