БЕЛ Ł РУС

Жыхару Рагачова прысудзілі тры гады калоніі 

15.03.2023 / 11:50

Nashaniva.com

Суд Рагачоўскага раёна на пачатку лютага вынес прысуд 57-гадоваму Сяргею Кушнарову. Яму інкрымінаваны публічная абраза і паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 367), а таксама да іншых прадстаўнікоў дзяржаўнай улады (арт. 188 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса), піша «Вясна».

Суд Рагачоўскага раёна

З матэрыялаў абвінавачання вядома, што Кушнароў з выкарыстаннем мабільнага тэлефона са жніўня 2020 года па люты 2022 года неаднаразова размяшчаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» публікацыі, у якіх утрымліваліся абразы Лукашэнкі, генеральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў у сувязі з выкананнем імі сваіх абавязкаў. Пры гэтым у публікацыях прыводзіліся, па меркаванні суда, загадзя лжывыя і тыя, што не адпавядалі рэчаіснасці, даныя, якія ганьбілі і прыніжалі гонар і годнасць пацярпелых.

Адна з яго публікацый змяшчала спасылку на відэазапіс, размешчаны на YouTube, у якой генеральны пракурор абвінавачваўся ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства. Тым самым Кушнароў хацеў паказаць кіраўніка ведамства ў вачах шырокай грамадскасці ў зневажальным становішчы.

Суд па сукупнасці злачынстваў прызначыў Кушнарову пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам 100 базавых велічынь (3,7 тыс. рублёў).

Гомельскі абласны суд 15 сакавіка разглядае апеляцыйную скаргу Сяргея Кушнарова на прысуд суда Рагачоўскага раёна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула