БЕЛ Ł РУС

Напярэдадні Вялікадня ўкрыжаваны ў 34 раз філіпінец памаліўся аб заканчэнні расійскага ўварвання ва Украіну

8.04.2023 / 11:24

Nashaniva.com

Незвычайны абрад укрыжавання — традыцыйнае мерапрыемства ў філіпінскай вёсцы.

Напярэдадні Вялікадня ўкрыжаваны ў 34 раз філіпінец памаліўся аб заканчэнні расійскага ўварвання ва Украіну. Пра гэта паведамляе Associated Press.

At least 12 Filipinos are to be nailed to crosses to reenact Jesus Christ’s suffering in a gory Good Friday tradition that is rejected by the Catholic church. The tradition draws huge crowds of devotees and tourists to the Philippines. https://t.co/hfxZXtbkxm

— The Associated Press (@AP) April 7, 2023

«У гэтай вайне ўдзельнічаюць толькі дзве краіны: Расія і Украіна, але ад павышэння цэн на нафту пакутуем мы ўсе, нават не ўдзельнічаючы ў канфлікце», — сказаў 62-гадовы Рубэн Энаджэ на прэс-канферэнцыі пасля распяцця. Ён распавёў Associated Press, што праз расійскае ўварванне ва Украіну яму стала складаней выжываць на свой малы прыбытак ад сталярных работ і вырабу шыльдаў, бо прадукты рэзка падаражэлі.

Рэальнае ўкрыжаванне — традыцыйны абрад у філіпінскай вёсцы Сан-Пэдра-Кутуд, паглядзець на які з'язджаюцца тысячы турыстаў. Сёлета на ўкрыжаванне адважыліся восем чалавек.

Надзеўшы калючыя вянкі з галінак, яны больш за кіламетр неслі на спіне цяжкія драўляныя крыжы па спякоце. Пасля гэтага іх далоні і ступні прыбілі дзесяцісантыметровымі цвікамі з нержавеючай сталі да крыжоў і ўсталявалі пад сонцам на дзесяць хвілін. Іншыя пакутнікі хадзілі басанож па вясковых вуліцах і білі сябе па голых спінах вострымі бамбукавымі палкамі.

Рубен Энадже ўдзельнічае ў абрадзе ў падзяку за тое, што выжыў пасля падзення з трэцяга паверха ў маладосці. Ён называе гэта цудам. Іншыя — у асноўным беднякі — праходзяць рытуал, каб загладзіць свае грахі, памаліцца за хворых або папрасіць аб лепшым жыцці.

Каталіцкая царква Філіпін не ўхваляе распяцця і самабічавання. Мясцовыя царкоўныя лідары кажуць, што вернікі могуць даказаць сваю рэлігійную адданасць, не прычыняючы сабе шкоды, а займаючыся дабрачыннасцю, напрыклад, здаючы кроў.

Чытайце яшчэ:

Як фарбаваць велікодныя яйкі: вялікі гайд

Да велікоднага стала. Робім пасху: 4 рэцэпты, якія абавязкова атрымаюцца

Чаму католікі і праваслаўныя святкуюць Вялікдзень у розны час. І розніца можа складаць нават месяц?

Беларускія велікодныя традыцыі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула