Міністр абароны Украіны параўнаў страты УСУ з колькасцю ахвяр землятрусу ў Турцыі. Давялося выбачацца
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў папрасіў прабачэння за свае словы аб тым, што страты Украіны ў вайне меншыя за колькасць загінулых ад землятрусу ў Турцыі.
Аляксей Рэзнікаў. Фота: Michael Probst / AP Photo
«Шчыра прашу прабачэння перад усімі ва Украіне ці Турцыі, каго пакрыўдзілі мае каментарыі ў інтэрвʼю іспанскай газеце La Razon. Украінцы спачуваюць турэцкаму народу. Мы разумеем, што такое хаваць тысячы нявінных людзей — сяброў і суседзяў. Я ўдзячны нашым турэцкім сябрам за іх нязменную падтрымку і цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да Крыма з пачатку расійскага ўварвання», — напісаў Рэзнікаў.
Міністр абароны Украіны ў інтэрвʼю іспанскай газеце La Razon заявіў, што страты з украінскага боку падчас поўнамаштабнай вайны меншыя за колькасць загінулых у выніку землятрусу ў Турцыі.
«Вядома, у нас ёсць страты, таму што мы ваюем. Але яны крытычна меншыя, чым у расіян. Я не магу назваць лічбу, але магу вас запэўніць, што агульная колькасць меншая, чым колькасць загінулых ад землятрусу ў Турцыі», — сказаў ён.
Пацверджаная колькасць загінулых у Турцыі і Сірыі ў выніку землятрусаў 6 лютага перавышае 50 тысяч чалавек.
Чытайце таксама:
Міністр абароны Украіны назваў найгоршы дзень свайго жыцця. Ён правёў яго ў Беларусі