«70 дзён. Бездань». Марыну Адамовіч і Міколу Статкевіча катуюць невядомасцю. Ад палітвязня — ніякіх звестак
Ужо 70 дзён Марына Адамовіч не атрымлівала ніякай інфармацыі пра стан свайго мужа, вядомага палітыка і палітвязня — Мікалая Статкевіча.
Фота: старонка Адамовіч у фэйсбуку
Марына Адамовіч пакінула ў фэйсбуку толькі некалькі словаў — «70 дзён. Бездань».
Жонка палітвязня раней пісала, што не толькі не атрымлівае лістоў ад Статкевіча, але і не мае адказаў ад афіцыйных інстанцый, куды яна таксама дасылае звароты.
«Верагодна, адзіны «закон», які дзейнічае, гэта — «иногда не до законов». Апошнія сілы сыходзяць не на тое, каб жыць, а на тое, каб не клясці. Яны самі з гэтым справяцца. Усё мінае, а душа бессмяротная. Пакуль я пра гэта памятаю. Але вельмі цяжка», — пісала яна.
Мікалая Статкевіча затрымалі 31 мая 2020 года, за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў. У снежні 2021 года яго асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, тэрмін ён адбывае ў глыбоцкай калоніі ў адзіночнай камеры. Палітыку 66 гадоў.