У Пецярбургу праз кепскі догляд і голад памерлі шэсць падапечных псіханеўралагічнага інтэрната
Следчы камітэт Расіі пацвердзіў інфармацыю валанцёраў пра смерць шасці падапечных псіханеўралагічнага інтэрната №10 у Пецярбургу, паведамляе «РІА Навіны». Заведзеная крымінальная справа.
Скрын з відэазвароту да ўладаў заснавальніцы Фонду дапамогі хоспісам «Вера» Нюты Федэрмесер. Яна паказала здымкі памерлых дзяцей і расказала іх гісторыі. Сярод памерлых — Ксюша Ігнацьева
Напярэдадні пра смерць сямі выхаванцаў гэтага інтэрната распавяла ў відэазвароце да ўладаў заснавальніца Фонду дапамогі хоспісам «Вера» Нюта Федэрмесер. Па яе словах, яна звярталася раней у гарадскі камітэт па сацыяльнай палітыцы з просьбай звярнуць увагу на сітуацыю ў інтэрнаце, але безвынікова.
Па сцвярджэнні Федэрмесер, усе памерлыя дзеці былі моцна знясіленыя, у супрацоўнікаў не хапала рук для догляду іх, а ад дапамогі валанцёраў інтэрнат адмаўляўся.
Пасля яе відэазвароту пракуратура Пецярбурга пачала праверку.
Улады паведамілі, што памерлыя былі паўналетнімі і што памерлі шасцёра.