Генпракуратура бярэцца за аўтамабілі ў дварах
Генпракуратура патрабуе ад мінскіх улад і МУС прадухілення парушэнняў аўтаўладальнікамі правілаў спынення транспарту на ўнутрыдваровых тэрыторыях.
Генпракуратура патрабуе ад мінскіх улад і МУС прадухілення парушэнняў аўтаўладальнікамі правілаў спынення транспарту на ўнутрыдваровых тэрыторыяхю
Генеральная пракуратура накіравала ліст выканаўцу абавязкаў старшыні Мінгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку і кіраўніку МУС Анатолю Куляшову з патрабаваннем прыняць меры па прадухіленні крадзяжоў з аўтатранспарту і парушэнняў аўтаўладальнікамі правілаў спынення (стаянкі) транспартных сродкаў на ўнутрыдваровых тэрыторыях.
Як паведамляецца на сайце пракуратуры,
за дзевяць месяцаў 2009 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года колькасць крадзяжоў маёмасці з аўтамабіляў вырасла на 29%.
Большая частка такіх крадзяжоў учынена з машын, прыпаркаваных на ўнутрыдваровых тэрыторыях, пры гэтым 70% крадзяжоў учынены ў Мінску. Адной з прычын такой сітуацыі ў Генеральнай пракуратуры называюць збіранне вялікай колькасці ўласнага аўтатранспарту на неахоўнай тэрыторыі непадалёк ад жылых будынкаў.
«У пэўнай ступені гэта звязана з ростам апошнімі гадамі колькасці аўтамабіляў, якія знаходзяцца ў асабістым карыстанні грамадзян, і недахопам ахоўных стаянак у густанаселеных раёнах горада. Разам з тым, адсутнасць кантролю з боку службаў ЖКГ і органаў унутраных спраў прывяла да таго, што аўтамабілі паркуюць на пешаходных тратуарах, зялёных зонах, разваротных пляцоўках і г.д., што з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем», — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Паводле звестак МНС, з пачатку года ў Мінску 58 разоў аўтамабілі, прыпаркаваныя на тратуарах і прылеглых да дамоў дарогах, не дазволілі аператыўна пачаць ліквідацыю ачагоў узгарання.
Сітуацыя з паркоўкай аўтамабіляў у забароненых месцах пагаршаецца тым, што ствараецца рэальная пагроза бяспецы пешаходаў. Яны не маюць магчымасці карыстацца тратуарамі і вымушаны фактычна лавіраваць паміж аўтамабілямі, якія рухаюцца. Вельмі небяспечнае становішча складваецца раніцай, калі вучні цераз двары накіроўваюцца ў школы, а таксама калі вяртаюцца назад.
Генеральная пракуратура прапануе міліцыі распрацаваць аднастайны тэкст на папяровым носьбіце з інфармацыяй аб прадугледжаных ПДР парушэннях пры паркоўках аўтамабіляў, магчымай адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні і прымусовай эвакуацыі транспартнага сродку. Работнікі ЖЭС такія паведамленні павінны змяшчаць на лабавое шкло аўтамабіляў, прыпаркаваных з парушэннем ПДР.