Што не так з новай рэканструкцыяй будынка ў гістарычным цэнтры Брэста?
5.05.2023 / 14:26
Будынак па вуліцы Будзённага, 33 у гістарычным цэнтры Брэста хутка чакае рэканструкцыя. Ужо пачынаюцца дэмантажныя работы: выносіцца смецце, зносяцца перакрыцці і перагародкі. Дом збіраюцца перарабіць пад крамы і офісы. Але праект яго рэканструкцыі выглядае незаконным. Гэта ўжо не першы выпадак, калі «Палессежылбуд» рэалізуе свае праекты насуперак дзеючаму заканадаўству — і кожны раз ім гэта сыходзіць з рук.
Так цяпер выглядае дом на брэсцкай вуліцы Будзённага, 33. Фота: «Вячэрні Брэст»
Двухпавярховы дом, пра які ідзе гаворка, быў пабудаваны ў 1924 годзе па праекце брэсцкага архітэктара Мікалая Сінкевіча. Сярод яго праектаў мадэрнісцкія дамы Юзафа Рапапорта (пл. Свабоды, 3), Генрыка Расінскага і Уладзіміра Нікановіча (вул. Чкалава, 15), Давіда Готліба (вул. Будзённага, 25), Бруха (вул. Будзённага, 28).
Па праекце пры рэканструкцыі дома збіраюцца ўзвесці прыбудовы, стварыць мансардавы паверх, пашырыць аконныя і дзвярныя праёмы, стварыць новы негістарычны дэкор на фасадах — усё гэта парушэнне заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэгламентаў зон аховы гістарычнага цэнтра Брэста. І вось чаму.
Так будынак, згодна з планам, будзе выглядаць пасля рэканструкцыі
Будынак размешчаны на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Брэста». У рэгламентах ахоўнай зоны прапісаная забарона на «страту адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей шараговай гістарычнай забудовы, якой не нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці (у тым ліку знішчэнне, змяненне асноўных габарытных параметраў будынкаў і характару архітэктуры фасадаў)». Дом на Будзённага, 33 аднесены менавіта да такой шараговай забудовы.
Схема зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей з праекта зона аховы «Гістарычнага цэнтра г. Брэста»
Тут варта растлумачыць, што габарытамі будынка з’яўляюцца яго памеры ў плане, вышыня і аб'ём, то-бок праекціроўшчыкі не маюць права выходзіць за межы сучасных агараджальных канструкцый: ні дабудаваць, ні надбудаваць, ні пашырыць дах пад мансарду. А да характару архітэктуры фасадаў адносяцца і памеры праёмаў, і матэрыялы аддзелкі, і асаблівасці дэкору.
І ўсё тое, што рабіць з будынкам забаронена, праекціроўшчыкі заклалі ў сваім праекце. Відаць, разумеючы гэта, у ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе прыведзены толькі адзін фасад — дваровы. Як будзе выглядаць вулічны фасад, не паказваюць. Але нават па дваровым бачна, што гістарычны будынак цалкам страчвае сваё няхай і аскетычнае, але гістарычнае аблічча.
Альтэрнатывай рэканструкцыі названая адмова ад праекта і «прывядзенне вонкавага аблічча будынка да аблічча будынка, што адпавядае праекту архітэктара Мікалая Сінкевіча 1924 года». Але праекціроўшчыкамі гэты варыянт названы «нерацыянальным ва ўмовах сціснутай забудовы», а таксама «неадпаведным сучаснаму абліччу цэнтральнай часткі горада Брэста».
Пад сучасным абліччам аўтары, мабыць, маюць на ўвазе малакаштоўныя з архітэктурнага пункту гледжання «постмадэрнісцкія» будынкі (то-бок «пад даўніну», але з максімальнай выгадай для забудоўшчыка), якія як грыбы растуць на месцы вынішчанай за апошнія гады гістарычнай забудовы. Яскравы прыклад — турыстычная вуліца Савецкая, на якой тым самым турыстам ужо і паказаць няма чаго, акрамя крам і рэстарацый.
Паказальна, што «Палессежылбуд» ужо адзначыўся скандальнымі рэканструкцыямі: фактычна быў знішчаны будынак па вуліцы Леніна, 42 у Брэсце, які таксама быў узяты пад ахову, як шараговая забудова.
Дом на вуліцы Леніна, 42 у Брэсце да рэканструкцыі (злева) і пасля. Фота: wikimapia.org і photobuildings.com
Плануецца змяненне да непазнавальнасці гістарычных казарм XIX стагоддзя на вуліцы Шчорса, 2 і 4 у Гродне са зносам частак, якія замінаюць зрабіць заезд.
Казармы на вуліцы Шчорса ў Гродне да рэканструкцыі (злева) і на рэндары забудоўшчыка. Фота: «Вячэрні Гродна» і рэндар «Палессежылбуд»
А нядаўна стала вядома, што гэтая арганізацыя выкупіла і плануе рэканструяваць гродзенскі Дом афіцэраў, помнік міжваеннага канструктывізму. Ён хоць і мае статус гісторыка-культурнай спадчыны, але з улікам папярэдняга досведу арганізацыі, ёсць небеспадстаўныя апаскі наконт захавання аўтэнтычнасці будынка.
Пакуль жа застаецца толькі спадзявацца, што абыходжанне гэтай арганізацыі з нашай архітэктурнай спадчынай нарэшце зацікавіць адпаведныя органы.
Чытайце таксама:
Вучоныя здолелі атрымаць генетычныя адбіткі пальцаў чалавека каменнага веку