БЕЛ Ł РУС

Памёр чалавек, які выкрыў хлусню амерыканскіх палітыкаў пра вайну ў В'етнаме

17.06.2023 / 07:51

Nashaniva.com

50 гадоў таму прэса назвала Дэніэла Элсберга «самым небяспечным чалавекам у Амерыцы». Адміністрацыя прэзідэнта Ніксана спрабавала забараніць газеце New York Times публікацыю «дакументаў Пентагона», а самога Элсберга — судзіць за шпіянаж і здраду, але і ў тым, і ў іншым не атрымала поспеху.

Дэніэл Элсберг. Фот: Wikimedia Commons

У Каліфорніі ва ўзросце 92 гадоў памёр Дэніэл Элсберг — ваенны аналітык, які ў 1971 годзе раскрыў тое, што засталося ў гісторыі як «Дакументы Пентагона», спадзеючыся падштурхнуць ЗША да выхаду з вайны ў В'етнаме, піша Бі-бі-сі.

Сакрэтныя дакументы Пентагона сярод іншага паказвалі, што тры амерыканскія адміністрацыі зніжалі страты, таемна планавалі бамбардзіроўкі Паўночнага В'етнама, Лаоса і Камбоджы, прытым прэзідэнты публічна запэўнівалі, што гэтага не будзе, і даўно прыйшлі да высновы бесперспектыўнасці вайны, але ўпарта працягвалі яе.

50 гадоў таму прэса назвала Дэніэла Элсберга «самым небяспечным чалавекам у Амерыцы». Адміністрацыя тагачаснага прэзідэнта Ніксана спрабавала забараніць газеце New York Times публікацыю «дакументаў Пентагона», а самога Элсберга — судзіць за шпіянаж і здраду, але і ў тым, і ў іншым не мела поспеху.

Рашэнне Вярхоўнага суда аб тым, што газета мела права публікаваць сакрэтныя дакументы, якія трапілі ў яе распараджэнне, перашкодзіла спробам адміністрацыі ўвесці фактычную папярэднюю цэнзуру.

У 1960-я гады Элсберг працаваў у вядомай карпарацыі RAND і складаў аналітычныя даклады аб ядзернай стратэгіі для Белага дома і аб В'етнамскай вайне — для Міністэрства абароны.

Тое, што ён даведаўся пра ступень уцягнутасці ЗША ў тую вайну, глыбока яго ўразіла, і ён вырашыў расказаць пра гэта грамадскасці, каб яна націснула на ўлады, і тыя былі б вымушаныя вывесці войскі з В'етнама.

Зрэшты, да 1971 года, калі Элсберг «зліў» гэтыя дакументы прэсе, грамадскасць ЗША зусім не знаходзілася ў няведанні адносна вайны ў В'етнаме і ўдзелу амерыканскай арміі — усё гэта шырока асвятлялася, і да таго часу ў краіне ўжо ў поўную моц разгарнуўся пацыфісцкі рух.

Сухапутныя часці ЗША былі ў асноўным выведзеныя з В'етнама ўжо ў пачатку 1972 года, але амерыканскія вайскоўцы з іншых родаў войскаў заставаліся там да 1975 года, калі паў Сайгон.

Дэніэла Элсберга аддалі пад суд, абвінаваціўшы ў крадзяжы дакументаў, шпіянажы і змове супраць дзяржавы.

Але яшчэ да вердыкту прысяжных суддзя Федэральнага суда ў Лос-Анжэлесе спыніў працэс, абвясціўшы, што адміністрацыя прэзідэнта спрабуе незаконнымі метадамі паўплываць на яго і зыход справы.

Суддзя, у прыватнасці, абвясціў, што адзін з дарадцаў прэзідэнта Рычарда Ніксана прапанаваў яму пасаду кіраўніка ФБР. Акрамя таго, выявілася, што з дазволу адміністрацыі быў узламаны офіс псіхіятра, які абследаваў Элсберга.

Пасля Элсберг шмат гадоў крытыкаваў улады ЗША за ваенныя кампаніі ў розных месцах свету.

Як абвясцілі родныя Дэніэла Элсберга, ён памёр ад раку падстраўнікавай залозы ў сваім доме ў мястэчку Кенсінгтан у Каліфорніі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула