БЕЛ Ł РУС

«Прах бацькі прывезлі ў Беларусь, але пахавання не было…» — дачка праваабаронцы Алега Гулака

20.06.2023 / 09:24

Nashaniva.com

Паўгода прайшло з таго часу, як не стала праваабаронцы, кіраўніка Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака.

Алег Гулак. Фота: БХК

Алег Гулак удзельнічаў у якасці грамадскага абаронцы ў дзясятках судовых спраў, грамадскіх дзеянняў па абароне правоў чалавека.

Пасля падзей 2020 года ў мэтах бяспекі праваабаронца пакінуў межы Беларусі і апошнім часам жыў у Вільні. Казаў, што знаходзіцца не ў палітычнай эміграцыі, а ў «творчай камандзіроўцы».

16 снежня яго не стала.

Грамадзянская паніхіда прайшла 20 снежня ў Вільні, цела было крэміравана.

«Ужо тады вырашылі, што бацька будзе пахаваны на Радзіме, у вёсцы Жылічы, — распавяла «Народнай Волі» Дамініка Гулак, дачка праваабаронцы. — Прах ужо прывезлі ў Беларусь, але пахавання пакуль не было».

Па словах Дамінікі, цяпер блізкія «вырашаюць эстэтычныя пытанні з помнікам», які будзе ўстаноўлены Алегу Гулаку.

«Пакуль агульнага рашэння няма, усім разам цяжка пагадзіцца на помнік, які задавальняў бы ўсіх, — дадае суразмоўца. — Калі з’явіцца інфармацыя пра захаванне таты, думаю, я паведамлю пра гэта».

Чытайце таксама:

Чалавек, які ніколі не крычаў. Якім запомніўся Алег Гулак

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула