БЕЛ Ł РУС

Кнігу песень культавага беларускага рок-гурта з QR-кодамі выдалі ў Празе

30.06.2023 / 16:27

Ф. Раўбіч

У пражскім выданні «Вясна» выйшла кніга «Марнатраўны сын: тэксты песень беларускіх рок-гуртоў 1987» музыканта Фелікса Аксёнцава, які ў 1980-1990-я быў удзельнікам беларускага гурта ULIS.

Фота: фэйсбук «Vesna Books / Выдавецтва Вясна»

Гэта дзевятнаццатая кніга, выдадзеная гэтым незалежным выдавецтвам, якое пазіцыянуе сябе прадаўжальнікам слаўнай традыцыі беларускага кнігадрукавання ў Празе. Рэдактарам выдавецтва стаў беларускі перакладчык і журналіст Сяргей Шупа. 

Фелікс Аксёнцаў, аўтар кнігі, гэтаксама ёсць аўтарам словаў да песень трох першых альбомаў гурта ULIS: «Чужаніца» (1989), «Краіна доўгай белай хмары» (1991), «Танцы на даху» (1993). Таксама ён пісаў тэксты для гуртоў «Крама» і «Бонда».

Фота: фэйсбук «Vesna Books / Выдавецтва Вясна»

Усе яны, а таксама «некалькі неспадзяванак» увайшлі ў зборнік песень «Марнатраўны сын». У кнізе багата фотаздымкаў, а таксама QR-кодаў, з дапамогай якіх можна паслухаць альбомы.

Фелікс Аксёнцаў з’ехаў у 1996 годзе з Беларусі ў канадскі Ванкувер, дзе цягам дзесяці гадоў жыў у самаізаляцыі, прыняў дзэн-будызм. Іранічны эпіграф кнігі «А адзін дык вабшчэ ў Канадзе…», узяты з песні «Чаканне Калядаў» Міхаіла Анемпадыстава, адсылае якраз да гэтай падзеі ў жыцці творцы. Прадмову ж напісаў журналіст Ян Максімюк, удзельнік і сведка, як кажа сам музыка, «дзіўных падзей на мяжы 1980-1990-х».

Фота: фэйсбук «Vesna Books / Выдавецтва Вясна»

Кнігу аформіў мастак Андрэй Дарохін, які раней таксама стварыў вокладкі для альбомаў гурта ULIS. Уліс — гэта латынізаваная форма імя старажытнагрэчаскага героя Адысея, які адрозніваўся розумам і хітрасцю. Якраз ягоная мармуровая постаць з верным сабакам Аргусам і наўмысным анахранізам, бас-гітарай, змешчаная на вокладцы выдання. 

Фелікс Аксёнцаў на ўласнай старонцы ў фэйсбуку паабяцаў, што будзе працяг кнігі.

Чытайце таксама:

Галоўны хэдлайнер музычнай сцэны — Super Besse, а літаратурнай — Альгерд Бахарэвіч: у Варшаве пройдзе Hučna Fest

Выйшаў Emigrant Song, новы трэк гурта Leibonik 

Выявілася, што саліст «Песняроў» Леанід Барткевіч — родзіч аднаго з айцоў БНР

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула