У Беларусі даражэе праезд чыгуначным транспартам
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыняло пастанову аб павышэнні тарыфаў на чыгуначныя перавозкі пасажыраў і багажу ва ўнутрырэспубліканскіх зносінах.
Фота: «Наша Ніва»
Тарыфы на перавозкі пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання на гарадскіх лініях павялічаны
- на 29 капеек у межах аднаго тарыфнага пояса (напрыклад, па кірунку Мінск — Гарадзішча);
- на 37 капеек у межах двух тарыфных паясоў (напрыклад, па кірунку Мінск — Чырвоны Сцяг).
Памер павелічэння тарыфаў на перавозкі пасажыраў чыгункай на рэгіянальных лініях, міжрэгіянальных лініях залежыць ад адлегласці, класа ліній (эканом або бізнэс), тыпу саставу і тыпу вагона, як паведамілі ў МАРГ.
Напрыклад, праезд міжрэгіянальнымі лініямі бізнэс-класа Мінск — Гомель падаражэе на 3,85 рубля (вагон 2-га класа), на 5,32 рубля (вагон 1-га класа).
МАРГ паведамляе, што рашэнне аб пераглядзе тарыфаў прынята ў мэтах падтрымання ўзроўню акупнасці перавозак пасажыраў.
Цяпер, паводле МАРГ, узровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на ўнутрырэспубліканскія пасажырскія перавозкі чыгуначным транспартам не дасягае 19 працэнтаў. Бюджэтнае субсідзіраванне чыгуначных перавозак пасажыраў не ажыццяўляецца.
Падвышэнне тарыфаў на перавозку пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання апошні раз было ў красавіку 2022 года.