Стрыечнага брата прадстаўніка палка Каліноўскага зноў судзяць
У судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска 4 ліпеня працягнецца закрыты суд над палітзняволеным Сяргеем Франчуком. Гэтым разам яго абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), як піша «Вясна».
Новы суд над Франчуком пачаўся яшчэ ў маі, аднак у працэсе быў абвясцілі перапынак да моманту разгляду ягонай апеляцыйнай скаргі на папярэдні прысуд. Прадказальна, касацыйная скарга Сяргея, якую разглядалі ў Вярхоўным судзе, засталася без задавальнення, а прыгавор Мінскага гарадскога суда ад 27 красавіка 2023 года — без змен.
Новую справу разглядае суддзя Вольга Серакова.
Сяргей Франчук — стрыечны брат прадстаўніка палка Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Сяргея затрымалі 9 жніўня 2022 года. Вядома, што яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе мужчына жыў апошнім часам. У гэты дзень бацькі Сяргея былі на лецішчы, і 5 чалавек з мінскага АМАПа ўварвалася ў кватэру, ударылі яго пісталетам па галаве, правялі ператрус, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук і самога Сяргея Франчука.
Сяргей Франчук 27 красавіка быў асуджаны Мінскім гарадскім судом на тры гады калоніі агульнага рэжыму па шэрагу пратэсных артыкулаў.
Чарговы суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.