БЕЛ Ł РУС

Прысуд медыяменеджару Канстанціну Залатых пакінулі без зменаў

4.07.2023 / 14:46

Nashaniva.com

Вярхоўны суд 4 ліпеня разгледзеў апеляцыйную скаргу дырэктара эканамічнай незалежнай газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых, пакаранага 4 гадамі зняволення. Прысуд першай інстанцыі прадказальна пакінулі без зменаў, як піша БАЖ.

З анонса на сайце Вярхоўнага суда вынікае, што на працэс быў прызначаны суддзя Уладзімір Чаравач. У сярэдзіне чэрвеня ён гэтак жа не знайшоў падстаў, каб змякчыць пакаранне іншаму журналісту Генадзю Мажэйку.

Канстанціна Залатых разам з калегамі па рэдакцыі затрымалі 18 мая 2022 года супрацоўнікі КДБ. Пасля допыту галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно адпусцілі, а Канстанціна Залатых пакінулі пад вартай.

Мінскі гарадскі суд прыступіў да разгляду справы толькі сёлета, 24 сакавіка. Суддзя Алена Шылько, у якой багаты досвед працы з «палітычнымі», адразу зрабіла працэс закрытым.

У працэсе агучвання довадаў, атрыманых ад следства, бок пракуратуры прыйшоў да высновы: дырэктар газеты «Белорусы и рынок» актыўна выказваў «уласную тэндэнцыйную пазіцыю» на падзеі ў краіне, што сярод іншага выявілася ў абразлівых каментарах на адрас вышэйшых асобаў дзяржавы, пакінутых у сацыяльных сетках. Акрамя таго, ён нібыта «мэтанакіравана карыстаўся службовым становішчам» для вырашэння персанальных патрэбаў.

На падставе гэтых абвінавачанняў Канстанціна Залатых пакаралі агулам 4 гадамі калоніі агульнага рэжыму.

Адметна, што першапачаткова яго затрымлівалі толькі за «распальванне варожасці», астатнія эпізоды канстатавалі як факт ужо падчас знаходжання за кратамі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула