Парламенцкая асамблея АБСЕ назвала Расію дзяржавай — спонсарам тэрарызму
Парламенцкая асамблея Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе ў аўторак прыняла выніковую дэкларацыю, у якой назвала Расію дзяржавай — спонсарам тэрарыстычнай групы «Вагнера». Пра гэта паведаміла сяброўка дэлегацыі Украіны ў ПА АБСЕ, народная дэпутатка Яўгенія Краўчук, як піша «Украінская праўда».
Фота: Getty Images
У выніковым дакуменце пасяджэння Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Ванкуверы адзначаецца, што дзеянні ПВК «Вагнер» ад імя расійскага ўрада могуць быць «справядліва ахарактарызаваныя як тэрарыстычныя».
Таксама адзначаецца, што дзяржавы — сябры АБСЕ павінны прыняць меры супраць ПВК «Вагнер» і яе афіляваных і правапераемніцкіх структур, у прыватнасці шляхам абвяшчэння іх тэрарыстычнай арганізацыяй.
Дэкларацыя таксама «заклікае рабіць больш строгімі міжнародныя нормы, якія выразна прызнаюць тэрарыстычны характар ПВК «Вагнер» і яе дзеянняў» і «адказнасць Расіі як дзяржавы — спонсара гэтай тэрарыстычнай арганізацыі».
Па словах Краўчук, такая фармулёўка ўпершыню замацаваная ў афіцыйным дакуменце міжнароднай арганізацыі.
Першай міжнароднай арганізацыяй, якая прызнала Расію дзяржавай-тэрарыстам, стала Парламенцкая асамблея Рады Еўропы — адпаведную рэзалюцыю яна прыняла ў кастрычніку 2022 года.
Чытайце таксама:
Пуцін прызнаў, што ПВК «Вагнер» фінансавалася за кошт дзяржавы
ПВК «Вагнер» паведаміла, што прыпыняе набор наймітаў праз няўдзел у вайне і пераезд у Беларусь