БЕЛ Ł РУС

Украінскі дэпутат звязаў тэму рэпарацый ад Беларусі з далейшым развіццём падзей

6.07.2023 / 15:42

Антось Жупран

У студыі ютуб-канала «Пара!» дыпламат і дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Багдан Ярэменка выказаў свой погляд на пытанне рэпарацый Беларусі, а таксама пра месца нашай краіны ў палітычным парадку дня Украіны.

Багдан Ярэменка лічыць, што сёння ёсць значна больш важныя пытанні па Беларусі, чым рэпарацыі. Скрын з відэа

Багдан Ярэменка адзначыў, што сітуацыя для размоў пра рэпарацыі не сфармавалася.

«Адна сітуацыя, калі беларусы самі нейкім чынам разбяруцца. Другая — калі гэта адбудзецца з дапамогай Украіны. Ці сітуацыя, калі Лукашэнка больш не будзе спрабаваць парушаць межы Украіны і яму залічацца толькі былыя ўчынкі. Іншая рэч, калі ён пойдзе на гэтае вар'яцтва. Ёсць шмат сцэнароў».

Дэпутат выказаў сваю пазіцыю аб тым, што ў сувязі з падзеямі 24 лютага 2022 года Беларусь стала дзяржавай-агрэсаркай. Яе дзеянні па наданні сваёй тэрыторыі для вядзення вайны, на погляд дэпутата, падпадаюць пад дзеянне міжнародных канвенцый.

У той жа час, як лічыць Ярэменка, «ні ў якім разе мы не павінны перакладаць, асабліва на эмацыйным узроўні, адказнасць з беларускай дзяржавы на беларускі народ. Гэта несправядліва».

Палітык звяртае ўвагу, што невядома, з кім весці перамовы аб рэпарацыях.

«Калі мы не скінем Лукашэнку, з намі гэтыя перамовы ніхто не будзе весці. Ён ніколі на гэта не пойдзе. І мы не зможам з ім весці перамовы, бо не прызнаем яго легітымнасць».

Дэпутат адзначае, што невядома, якая будзе і новая ўлада ў Беларусі. Цалкам можа выйсці, разважае Ярэменка, што будуць новыя людзі, і краіна будзе ў такой сітуацыі, што з меркаванняў гуманізму і добрасуседства трэба будзе свае падыходы да гэтай сітуацыі мяняць.

«Магчыма, мы знойдзем нейкія формы супрацы, якія будуць прапанаваныя Беларуссю. Яны не будуць успрымацца як рэпарацыі, але тым не менш яны дазволяць кампенсаваць вялікія страты, якія мы панеслі,

— прагназуе палітык і падкрэслівае: — Я зараз не бачу ніякай практычнай прычыны гаварыць на гэтыя тэмы. Зараз тэма ў нас павінна быць толькі адна — якім чынам мы прыбяром Лукашэнку. Якім чынам мы выкінем яго на сметнік гісторыі і адновім дэмакратыю і свабоду ў Беларусі».

Дэпутат згадаў пра выступ прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў парламенце краіны, у якой ён акрэсліў украінскую дактрыну таго, што павінна адбыцца пасля перамогі:

«Рэдка здараецца, калі ва Украіне ў такіх прамовах згадваюць пра Беларусь. Прэзідэнт адзначыў, што наша перамога — гэта не толькі для нас дасягненне. Перамога будзе азначаць свабоду і стабільнасць для Беларусі. Гэта правільны падыход».

Ярэменка адзначыў, што сёння трэба гаварыць пра тое, ці гатова Украіна дапамагчы беларусам вярнуць свабоду. У той жа час трэба таксама гаварыць і аб тым, ці хочуць беларусы вярнуць свабоду. Бо такое пытанне цяпер ёсць у некаторых палітыкаў. Таму, падкрэслівае дэпутат, трэба тлумачыць і паказваць, што беларускі супраціў існуе, ён рэальны.

«Ёсць пэўныя абставіны ў краіне. Але тым не менш ёсць людзі, якія ахвяруюць сабою таксама, як ва Украіне. Калі ж гаварыць пра пратэсты, то гэтых ахвяр у Беларусі было ніяк не менш, чым падчас апошняга Майдану ва Украіне. Пра гэта трэба расказваць, таму што ўкраінцы цяпер у пэўнай ступені як пакрыўджанае дзіцё, якое несправядліва бʼюць. І гэта неспрыяльная атмасфера, каб гаварыць аб праблемах іншых. Але яшчэ і мала інфармацыі. Мы дрэнна ведаем, што адбываецца ў Беларусі», — адзначае палітык.

Украінскі дэпутат запэўніў, што ён асабіста не зможа весці перамовы аб рэпарацыях ад Беларусі, бо высока ацэньвае прысутнасць ва Украіне палка Каліноўскага:

«Ваша зʼяўленне тут вельмі добра. Калі, тэарэтычна, прадстаўнікі палка Каліноўскага стануць новай уладай у Беларусі, і я — украінскі дыпламат, а сёння палітык, які працуе, дапамагае палку, які бываў на пахаваннях салдат гэтага палка, я не змагу весці перамовы пра рэпарацыі. Я проста не захачу іх весці з тым урадам, які сфармуюць гэтыя людзі, калі так станецца».

Дэпутат яшчэ раз адзначыў, што не бачыць падстаў весці гаворку пра рэпарацыі цяпер. Але ён не хоча крытыкаваць сваіх калег, якія пра гэта гавораць. «Яны маюць на гэта права. Украіна — вольная краіна. Сітуацыя зразумелая ў тым, што Беларусь — саўдзельніца агрэсіі».

Багдан Ярэменка распавёў аб тым, што на сёння ў парламенце Украіны ёсць праекты дзвюх пастаноў. У адной Беларусь называецца «акупаванай краінай». У другой — «краінай-агрэсаркай». Цяпер важна выпрацаваць тэарэтычную лінію паводзінаў. У гэтым, адзначае дэпутат, добра дапамагае сам Лукашэнка.

«Хутка мы вызначым, паставім усе кропкі над і. Я не буду пратэставаць супраць вызначэння Беларусі краінай-агрэсаркай. Але гэта зусім не суадносіцца з тэмай рэпарацый. І я не ўпэўнены, што гэтая тэма калі-небудзь будзе існаваць», — заўважае Ярэменка.

Дэпутат не разумее, чаму некаторыя палітыкі працягваюць уздымаць тэму рэпарацый ад Беларусі.

«Калі размовамі пра рэпарацыі мы будзем павышаць увагу да Беларусі, то калі ласка. Але, мне здаецца, на сёння ёсць значна больш важныя пытанні па Беларусі. Гэта дапамога палку Каліноўскага і іншым беларусам, якія тут. Праблема беларусаў ва Украіне, праблема беларускай апазіцыі (не толькі ва Украіне), з якой мы супрацоўнічаем.

Бо заяўлена мэта — скінуць рэжым. І не так шмат дыскусій пра тое, як гэта зрабіць. Мала хто ў беларускай апазіцыі падтрымлівае ідэю аб тым, што з Лукашэнкам можна дамовіцца. Амаль усе гавораць пра сілавы сцэнар. Вось гэтыя практычныя рэчы, каштоўнасць якіх я разумею», — адзначыў украінскі палітык у канцы размовы.

Чытайце яшчэ:

Украінскі палітык Сяргей Прытула выставіў патрабаванне да Ціханоўскай

У Вярхоўную Раду Украіны ўнеслі законапраект аб прызнанні Беларусі краінай-агрэсарам

Ціханоўская не выключае, што папросіць дапамогі асабіста ў Зяленскага ў ваенным вызваленні Беларусі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула