БЕЛ Ł РУС

У Гомелі жанчына купіла «Лексус» на даходы ад продажу кропу. Яна так кажа

11.07.2023 / 09:43

Nashaniva.com

Падатковыя інспектары Гомельскага раёна звярнулі ўвагу на буйныя пакупкі прадпрымальніцы, якая афіцыйна займаецца продажам аўтазапчастак. Тым не менш куплю дарагіх аўто і кватэры ў Гомелі яна патлумачыла даходамі ад продажу вырашчанага на сваім агародзе ўраджаю, піша «Белка».

Жанчына з 2010 года зарэгістраваная прадпрымальнікам, займаецца продажам запчастак да аўтамабіляў, паказвае нядрэнную выручку, своечасова выплачвае падаткі.

Да гэтага часу прэтэнзій да прадпрымальніцы ў падатковай інспекцыі не было. Але сёлета паступіў зварот аб тым, што ІП пры продажы дэталі не правяла грошы праз касу і не выдала пакупніку чэк. Праверка падаткавікоў паказала, што абʼём набытага для перапродажу тавару не пакрываецца паказанай у дэкларацыі выручкай.

— Аддзел падаткаабкладання даходаў прааналізаваў дзейнасць ІП за апошнія дзесяць гадоў. Устаноўлена, што яе расходы перавысілі даходы больш як на 400 тысяч рублёў, — патлумачылі ў падатковай інспекцыі.

Разам з тым прадпрымальніца купіла «Лексус», двухпакаёвую кватэру ў новабудоўлі Гомеля, маючы ва ўласнасці дом. Як патлумачыла жанчына, грошы на кватэру ёй яшчэ ў 2011 годзе падарыла пажылая маці, якая нібыта адклала з пенсіі 1,5 мільярда недэнамінаваных рублёў (цяпер 150 тысяч — заўв. рэд.). Астатнія 240 тысяч падарыў муж.

— У падатковай не прынялі гэтых тлумачэнняў, тады прадпрымальніца прыпісала сабе даходы ад продажу на рынку кропу, пятрушкі і бульбы, вырашчаных на сваім зямельным участку. Гэты факт таксама праверылі, аднак пацвярджэння не знайшлі, — распавялі падаткавікі.

Патрабаванні падаткавікоў па выплаце падаходнага падатку на суму 113 тысяч рублёў прадпрымальніца абскардзіла ў судзе. Але безвынікова.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула