БЕЛ Ł РУС

У Закарпацці суд аштрафаваў беларусаў, затрыманых за дыскрэдытацыю ўкраінскага войска

11.07.2023 / 18:27

Nashaniva.com

Суд у Берагавым Закарпацкай вобласці аштрафаваў двух грамадзян Беларусі, мужа і жонку, якіх 18 красавіка затрымалі супрацоўнікі мясцовага ўпраўлення Службы бяспекі Украіны за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на дыскрэдытацыю сіл абароны і распальванне антысеміцкіх настрояў у рэгіёне, паведамляе «Радыё Свабода».

Фота: СБУ

Паводле абвінавачання, беларусам пагражала пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Каб яго пазбегнуць, яны пайшлі на здзелку са следствам і прызналі сваю віну.

Суд абвясціў вырак 29 чэрвеня, але толькі цяпер яго апублікавалі.

Суд прызначыў сужэнцам максімальны штраф, прадугледжаны ч. 1 артыкула 161 Крымінальнага кодэкса Украіны (распальванне нацыянальнай, рэгіянальнай, расавай ці рэлігійнай варожасці і нянавісці), — кожнаму па 8500 грыўняў (прыблізна 230 даляраў у эквіваленце).

Служба бяспекі Украіны 18 красавіка паведаміла аб выкрыцці ў Закарпацкай вобласці «мужа і жонкі, беларускіх інтэрнэт-агітатараў, якія хацелі дэстабілізаваць сітуацыю ў Закарпацці».

У СБУ сцвярджалі, што ў 2013 годзе абое ўступілі ў фіктыўныя шлюбы з украінскімі грамадзянамі, каб легалізавацца ва Украіне і атрымаць дазвол на жыхарства. Беларусы нібыта стварылі ў сацыяльных сетках некалькі прапагандысцкіх старонак, якія выкарыстоўвалі «для дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай улады, сіл абароны і для распальвання антысеміцкіх настрояў».

Чытайце таксама:

Украіна нацыяналізавала мільярдныя актывы расійскіх алігархаў

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула