Хто тая дзяўчына, якую запісалі ў народнае апалчэнне
Учора дзяржаўныя медыя паказалі, што ў атрад народнага апалчэння ў Старобіне ўзялі дзяўчыну. Яна там адзіная і мусіць займацца медыцынскай дапамогай.
Кацярына Мішкевіч. Фота: «Мінская праўда»
23-гадовая Кацярына Мішкевіч родам з Лельчыцаў — пасёлка ў Гомельскай вобласці на самым поўдні Беларусі за 40 кіламетраў ад мяжы з Украінай.
Паводле звестак «Кіберпартызанаў», бацька дзяўчыны звычайны рабочы, працуе ў асноўным кіроўцам. Маці — старшыня рэвізійнай камісіі ў мясцовым райспажыўтаварыстве.
Кацярына Мішкевіч. Фота: з «Укантакце»
Дзяўчына пасля 9 класа пайшла вучыцца ў Слуцкі медыцынскі каледж па мэтавым накіраванні. Адвучылася на фельчара-акушэра. Па трохгадовым размеркаванні яе накіравалі ў Слуцкую цэнтральную раённую бальніцу, а адтуль накіравалі ў амбулаторыю ў аграгарадку Велічкавічы. Пасля дзяўчына перавялася ў Старобінскую гарадскую бальніцу.
Мінабароны піша, што ў так званае апалчэнне Кацярына ўступіла ў першы ж дзень, як даведалася пра яго.
«У атрад прыйшла па клічы грамадзянскага абавязку. Мне хочацца дапамагаць нашым мужчынам-апалчэнцам. Я лічу, што народнае апалчэнне — важны кампанент у сістэме нацыянальнай бяспекі нашай дзяржавы. Прызнаюся, насіць ваенную форму пакуль нязвыкла. Я адзіная дзяўчына ў атрадзе, мужчыны пра мяне клапоцяцца, падтрымліваюць, дапамагаюць пераносіць аптэчку», — прыводзіць яе словы тэлеграм-канал Міністэрства абароны.
Чытайце таксама:
У Старобіне ў народнае апалчэнне ўзялі дзяўчыну
Тэрабарона паказала, як адбівала атаку на КПП ФОТЫ
Апублікаваны праект закона пра народнае апалчэнне. Расказваем, што ў ім