«Не праглядаецца сумеснае вядзенне бою». Бундэсвер звярнуў увагу на недахопы ўкраінскага контрнаступлення
25.07.2023 / 19:24
Узброеныя сілы Германіі раскрытыкавалі дзеянні УСУ падчас контрнаступлення. Маўляў, яны няправільна выкарыстоўваюць асвоеныя на Захадзе метады вядзення вайны, піша «Еўрапейская праўда» са спасылкай на выданне Bild, якое азнаёмілася з сакрэтным дакументам бундэсвера.
Фота: AP
Сярод галоўных недахопаў Узброеных cіл Украіны называюць значэнне падзелу баявых падраздзяленняў, праз што «не праглядаецца сумеснае вядзенне бою». Гэта не толькі павялічвае «небяспеку дружалюбнага агню», то-бок агню ў адказ з боку ўласных войскаў, але і «ў кірунку галоўнага ўдару адсутнічаюць манеўраныя падраздзяленні для разгортвання наступу або ўстанаўлення агнявой перавагі», лічаць у бундэсверы.
Іншымі словамі, праз тое, што Украіна разбівае брыгады, якія прайшлі падрыхтоўку на Захадзе, на групы з 10-30 салдат, ізаляваныя ад астатніх войскаў, ні заходняя падрыхтоўка, ні лепшае ўзбраенне, ні вялікая колькасць наяўных салдат не маюць значэння.
Акрамя таго, крытычна ў бундэсверы выказаліся адносна навучання вопытных украінскіх вайскоўцаў, якія, паводле іх слоў, горш засвойваюць прынцыпы заходняй падрыхтоўкі або наогул не бяруць у ёй удзел.
У дакуменце бундэсвера гаворыцца, што камандны склад дэманструе «часам значныя недахопы на адпаведным узроўні ў кіраўніцтве і ўжыванні камандных працэсаў, што прыводзіць да часткова няправільных і небяспечных рашэнняў».
Гэтымі фактарамі — падзел брыгад і адсутнасць належнай падрыхтоўкі ў камандным складзе — можа тлумачыцца павольнае прасоўванне ўкраінскіх сіл падчас контрнаступлення, канстатуюць у Германіі.
Чытайце таксама:
Рэзнікаў: Вайна скончыцца да наступнага лета, Украіна пераможа
Дзяржсакратар ЗША заявіў, што Украіна адваявала палову захопленай тэрыторыі