БЕЛ Ł РУС

Жыхару Салігорска не даюць жыцця каналізацыйныя мухі

27.07.2023 / 11:48

Nashaniva.com

У адным з салігорскіх дамоў развяліся каналізацыйныя мухі. Разбірацца прыехала камісія.

Скрын відэа Салігорскага тэлевізійнага канала

Як расказвае Салігорскі тэлеканал, камісія ў складзе супрацоўнікаў ЖКГ, Раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і водаканала прыехала глядзець, што адбываецца ў доме на Заслонава, 46.

Каналізацыйныя мухі з'яўляюцца ў сырых і цёплых месцах, там, дзе ёсць адкіды, якія гніюць. У кватэры яны трапляюць праз шчыліны ў перакрыццях і падлогах, праз адтуліны ў сцёкавых трубах.

Водаканал кажа, што з іх боку ўсё ў парадку.

У кватэрах камісія мух не пабачыла, але мухі былі ў калідоры на першым і другім паверхах.

Рэкамендацыя санэпідцэнтра — правесці дэзынсекцыю ў калідорах і на лесвічнай пляцоўцы. Яе зробяць на працягу 5—7 працоўных дзён.

Скрын відэа Салігорскага тэлевізійнага канала

Адзін з жыхароў дома Мікалай Навіцкі кажа, што ў кватэры жыве толькі ўзімку. Мухі, скардзіцца ён, перашкаджаюць яму з 2015 года. 

«Хачу, каб памянялі мне жыллё або вытруцілі мух», — эмацыйна кажа ён.

Мужчына просіць таксама прыватызаваць сацыяльнае жыллё, тады ён зробіць рамонт за ўласныя грошы. Але, як сцвярджаюць у сюжэце, законных падстаў для гэтага выпадку няма.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула