БЕЛ Ł РУС

Мінюст будзе адсочваць правільнае ўжыванне афіцыйнай назвы Беларусі за мяжой

30.11.2009 / 13:01

Пра гэта паведаміў міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, адказваючы 30 лістапада на пытанні журналістаў.

«Калі нейкія краіны будуць парушаць патрабаванне па афіцыйным напісанні назвы нашай краіны, то мы будзем заключаць з імі пагадненні, якія ўстараняюць гэтую памылку», — сказаў ён.

Міністр нагадаў, што на мінулым тыдні дамоўленасць аб правільным ужыванні афіцыйнай назвы Беларусі была дасягнута з міністрам юстыцыі Расіі.

Як раней паведамлялася, на пасяджэнні аб’яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расіі 26 лістапада ў Мінску беларускі бок ініцыяваў разгляд пытання аб прававых аспектах выкарыстання афіцыйнай назвы Рэспублікі Беларусь у актах дзяржаўных органаў Расійскай Федэрацыі. Як адзначыла намеснік міністра юстыцыі Беларусі Ала Бадак, у прававых актах Расіі выкарыстоўваюцца розныя назвы краіны — «Белоруссия» і «Беларусь». У той жа час, адзначыла яна, транслітэрацыя афіцыйнай назвы краіны на замежныя мовы павінна адбывацца ў адпаведнасці з вымаўленнем.

Міністр юстыцыі Расіі Аляксандр Канавалаў адзначыў, што ўзнятае пытанне «абсалютна не дыскусійнае».

«Я прашу прабачэння за сваіх калег, якія выкарыстоўваюць няправільную назву краіны. Я выдам распараджэнне, каб пры праверцы ўсіх нарматыўных актаў правяралася адпаведнасць правільнаму напісанню Беларусі», — сказаў ён.

Акрамя таго, Канавалаў мае намер напісаць ліст у Адміністрацыю прэзідэнта РФ з растлумачэннем пытання аб правільным ужыванні афіцыйнай назвы Беларусі.

Нагадаем, тэма афіцыйнай назвы Беларусі закраналася і падчас інтэрв’ю Дзмітрыя Мядзведзева беларускім журналістам у Барвісе 23 лістапада. На прапанову далучыцца да рэкамендацый Маскоўскага інстытута рускай мовы і называць краіну «Беларусь», а не «Белоруссия» Мядзведзеў адказаў, што якраз ён вымаўляе назву так, як гэта зафіксавана ў дакументах ААН. «Беларусь, — і я настойваю менавіта на такім вымаўленні назвы нашай брацкай дзяржавы, — гэта сапраўды самастойная дзяржава, суверэнная дзяржава, з усімі атрыбутамі самастойнай дзяржавы», — падкрэсліў расійскі лідэр. Аднак ён не стаў адмаўляць, што «ёсць асобныя выпадкі», калі прадстаўнікі расійскага істэблішменту называюць рэспубліку Белоруссией.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула