У Расіі аштрафавалі экаактывіста, які прасіў дапамогі ў Лукашэнкі
Выданне «Утренний Юг» паведаміла пра затрыманне кубанскага экаактывіста Сяргея Сальнікава. Раней жыхар станіцы Палтаўскай у Краснадарскім краі разам з іншымі мясцовымі актывістамі прасіў дапамогі ў Аляксандра Лукашэнкі ў «сметнікавай» спрэчцы з мясцовымі ўладамі.
Сергей Сальнікаў
Пра затрыманне журналістам расказаў сам Сальнікаў. Як аказалася, 26 ліпеня яго спынілі супрацоўнікі ГІБДД (расійскі аналаг беларускай ДАІ), а пасля гэтага яго адправілі ў аддзел унутраных спраў. Высветлілася, што на актывіста склалі арыенціроўку, па якой апазналі яго машыну.
Мужчыну абвінавацілі ў закліку да несанкцыянаванага мітынгу і аштрафавалі на 15 тысяч расійскіх рублёў (каля 500 беларускіх). Падставай стала яго публікацыя ў тэлеграм-канале «Полтавская против свалки», дзе актывіст заклікаў суседзяў «не хавацца і не маўчаць». Рашэнне суда ён плануе абскардзіць.
Сальнікаў — адзін з жыхароў Палтаўскай, якія звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі ў апублікаваным 18 ліпеня відэа.
«Рыгорыч, дарагі наш! Мы ўсе бачылі, як ты спыніў «Марш справядлівасці», які ішоў на Маскву. Зараз жыхары станіцы Палтаўскай гатовыя пайсці такім жа маршам. Немагчыма тут жыць: нас проста забіваюць, экалагічны генацыд», — казаў тады Сальнікаў.
Чытайце таксама:
Юрый Антонаў на «Славянскім базары» пажадаў здароўя Лукашэнку, але падвяло яно яго самога