Самалёт «Турэцкіх авіяліній» Вільня — Стамбул праляцеў над тэрыторыяй Беларусі
Самалёт, які вылецеў учора са сталіцы Літвы, перш чым увайсці ў паветраную прастору Польшчы праляцеў над Беларуссю.
Прадстаўнік дзяржаўнай кампаніі Oro navigacija ў каментары парталу Lrytas заявіў, што санкцыі не былі парушаныя, бо палёты над беларускай паветранай прасторай не забароненыя для авіяперавозчыкаў з краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз. Ім толькі рэкамендуецца пазбягаць палётаў над Беларуссю.
«У гэтым выпадку траекторыя палёту была змененая, каб пазбегнуць небяспечных навальнічных воблакаў», — сказаў кіраўнік рэгіянальнага цэнтра кіравання палётамі.
У чэрвені над Беларуссю праляцеў самалёт Ціват — Вільня авіякампаніі Air Montenegro. Пасля прымусовай пасадкі самалёта RyanAir у Мінску ў маі 2021 года, у выніку якой былі затрыманыя журналіст Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Сафія Сапега, урад Літвы забараніў авіякампаніям здзяйсняць рэйсы ў паветранай прасторы Беларусі.