Двух жыхароў Уроцлава судзяць за збіццё 15-гадовага беларуса. Яны думалі, што ён украінец
Здарэнне адбылося яшчэ паўтара года таму, але справа да суда дайшла толькі цяпер.
Двое жыхароў Уроцлава апынуліся на лаве падсудных за збіццё 15-гадовага падлетка з Беларусі. Паводле версіі абвінавачвання, матывам нападу стала нацыянальнасць падлетка: абвінавачаныя думалі, што ён украінец, піша Most.
Здарэнне адбылося 25 студзеня 2022 года ў раёне Новы Двур Уроцлава. Падлетак гуляў з сябрамі з Украіны, Беларусі і Грузіі. Падлеткі размаўлялі па-руску. Гэта раззлавала двух палякаў: Марціна О. і Эміля Д.
Паводле заявы пракурора, яны напалі на беларуса, білі яго кулакамі, штурхалі, а затым схапілі за шыю ззаду і сталі душыць. Падлетак атрымаў траўмы галавы і рук.
Адзін з абвінавачаных прызнаў віну, другі — не.