БЕЛ Ł РУС

«Падкажыце сваім прыдуркам, трэба пісаць адразу Байдэну». Жыхары Кастрамы просяць Лукашэнку вярнуць у іх горад тралейбусы

17.08.2023 / 12:07

Nashaniva.com

Жыхары Кастрамы запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. Яны просяць улады Беларусі «ў самыя кароткія тэрміны ў мэтах падтрымкі і ўмацавання Саюзнай дзяржавы перадаць з Мінска некалькі дзясяткаў тралейбусаў у Кастраму».

Скрын відэа

Кастрамічы на відэа просяць Лукашэнку вярнуць тралейбусны рух у іх горад, бо Кастрама пакутуе ад выхлапаў «камерцыйных аўтобусаў-маршрутак».

Аўтары звароту распавядаюць, што дзякуючы Лукашэнку ў Беларусі «захаваны і развіваюцца прамысловасць, машынабудаванне і інфраструктура тралейбуснага руху», што Мінск зʼяўляецца «самым тралейбусным горадам у свеце», а ў Беларусі працуюць «найбуйнейшыя тралейбусныя заводы, якія забяспечваюць тралейбусамі гарады ўсёй нашай Саюзнай дзяржавы».

У Кастраме з 1 ліпеня, гавораць аўтары звароту, «чыноўнікамі-карупцыянерамі быў закрыты тралейбусны рух, каб навязаць людзям камерцыйныя аўтобусы-маршруткі, што ўжо прывяло да катастрафічных наступстваў, да сацыяльнага бедства ў Кастраме, да атручэння жыхароў Кастрамы выхлапнымі газамі».

Жыхары горада нагадваюць Лукашэнку пра Саюзную дзяржаву і просяць «аказаць дапамогу ў аднаўленні руху тралейбусаў у Кастраме ў найкарацейшыя тэрміны».

«У мэтах падтрымкі і ўмацавання Саюзнай дзяржавы просім перадаць з Мінска некалькі дзясяткаў тралейбусаў у Кастраму, у тым ліку можна перадаць тралейбусы, якія ўжо эксплуатаваліся ў Мінску», — сказалі аўтары звароту.

Як паведамляе «Лентач», у Беларусі гэты зварот пачулі і папрасілі мясцовыя ўлады разабрацца ў сітуацыі.

Аднак ліст з Беларусі трапіў да віцэ-губернатара Юрыя Макава, які курыраваў «транспартную рэформу». Ён пераслаў паперу першаму сакратару Кастрамскога абкама КПРФ Валерыю Іжыцкаму і папрасіў яго сказаць «сваім прыдуркам», каб пісалі «адразу Байдэну».

Ва ўрадзе рэгіёна каментаваць словы віцэ-губернатара адмовіліся.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула