БЕЛ Ł РУС

Бойкі «раён на раён» і моцная класавасць. Як беларус паўгода працаваў у Папуа — Новай Гвінеі

19.08.2023 / 18:7

Nashaniva.com

Беларускі айцішнік Сяргей Гаваруноў расказаў на сайце Devby.io, як жыў у адной з самых небяспечных краін свету, дзе ў выбарах удзельнічаюць 4 тысячы чалавек, а ў мясцовых ёсць лукі з атручанымі стрэламі. 

Падчас велатрэніроўкі на тэхнічным прыпынку мы сустрэлі шмат дзяцей. Наступны раз мы зноў да іх заехалі з падарункамі

Я некалькі гадоў працаваў у кампаніі Gurtam — займаўся ўкараненнем прадукту. Быў Covid, калегі працавалі дыстанцыйна, і мне падалося, што было б добра апынуцца ў «традыцыйнай», афлайн-кампаніі, і атрымаць практычны досвед у сферы тэлематыкі.

Стаў разумець, што паступова выгараю: праз рэлакейт, вайну, адносіны, напэўна, таксама. У дадатак мне даўно хацелася пажыць у экзатычнай краіне. Дапамог выпадак — і я на паўгода адправіўся ў далёкую Папуа — Новую Гвінею.

Мой досвед насіў выключна суб'ектыўны характар. У мяне магло скласціся памылковае ўражанне праз стрэс, які я адчуў.

«Тут быццам выкручаная экспазіцыя»

У Папуа — Новай Гвінеі жыве каля 10 млн чалавек, па-англійску там слаба гавораць, хоць гэта афіцыйная мова (Папуа — Новая Гвінея была брытанскай калоніяй). У асноўным жыхары камунікуюць на ток-пісін — сумесі англійскай і мясцовых моў.

Першае ўражанне ад краіны — горача, усё аслеплена сонцам, быццам выкручаная экспазіцыя. Шмат смецця, няма архітэктурнага адзінства. Многае тады было незразумела.

У мясцовых своеасаблівыя рысы твару, яны невысокія, ад іх моцна пахне (у дамах часта няма каналізацыі).

Там адчуваецца моцная класавасць. Напрыклад, бедныя пастаянна грызуць або жуюць бетэльнат (псіхаактыўны арэх) з лаймавым парашком. Да 30 гадоў у іх развіваецца фіброз гартані, у многіх аранжавыя вусны і бітыя зубы. Ёсць сярод мясцовых і багатыя людзі, у якіх бізнэс скіраваны на экспатаў.

У папуасаў вельмі маленькія радасці: адпачыць, выпіць піва, пагуляць у рэгбі. У такіх краінах інтэрнэт дарагі і не кожны можа сабе дазволіць. Таму многія ходзяць з кнопкавымі тэлефонамі.

Са знаёмымі ў Kitesurfing Club

Экскурсія па мясцовым бізнэсе. Вырошчваюць какава-бабы, чысцяць, сушаць, пакуюць і экспартуюць у Дубай. І кава класная!

Прасілі кантакты нават беларускіх сантэхнікаў

У Папуа — Новай Гвінеі шмат экспатаў. Звычайна яны працуюць для буйных міжнародных карпарацый, напрыклад, Heineken, ExxonMobil. Там не хапае адукаваных людзей. А грошы ў краіне ёсць — здабываюцца газ, алмазы, золата, пальмавы алей, каўчук, какава-бабы. Таму актыўна шукаюць супрацоўнікаў.

Мяне неаднаразова пыталіся, ці ёсць у мяне знаёмыя з Беларусі інжынеры, сістэмныя адміністратары і нават сантэхнікі.

Там могуць пабудаваць гатэль з неверагодным аздабленнем, але пры гэтым з жахлівай якасцю мантажных работ, што прыводзіць да велізарных выдаткаў.

Проста так на працу ў Папуа, напрыклад, праз LinkedIn, не патрапіш, патрэбныя знаёмствы. IT-спецыялісты вельмі запатрабаваныя. Праграмістаў тут вельмі мала. Рэйты крыху большыя, чым у Еўропе і ЗША. Звычайна шукаюць спецыялістаў высокага ўзроўню.

Калі пераязджаеш з сям'ёй на працу ў вялікай карпарацыі, то дзецям аплацяць школу. У Папуа складана з добрай адукацыяй. Шмат школ ад пратэстанцкіх грамад.

Адзіны сацыяльны ліфт для мясцовых — трапіць на працу ў мясцовы аналаг «Газпрама». Нават паехаць на заробкі няма шанцаў. Вельмі дарагія для мясцовых рэалій квіткі, складана атрымаць візу.

Склалася ўражанне, што папуасы не вельмі матываваныя нешта мяняць, вучыць новае. Я хацеў дапамагчы свайму ахоўніку, які ўмеў чытаць і пісаць па-англійску, запісаў на свой стары тэлефон некалькі кніг. Але праз тыдзень ён пачаў глядзець фільмы замест чытання, а яшчэ праз тыдзень проста згубіў тэлефон.

З іншага боку, там былі і адэкватныя людзі, якія разумелі, што празмернае ўжыванне бетэльната, піва і цыгарэт — гэта шкодна і разбуральна. Яны займаліся звычайна якім-небудзь дробным бізнэсам, пераважна ў сельскай гаспадарцы, напрыклад, экспартам кавы, культывацыяй дрэў.

«З гэтай краінай лепей спраўлюся»

На адной з выстаў, куды я трапіў ад Gurtam, убачыў нашага даўняга партнёра з Папуа — Новай Гвінеі. Мы разгаварыліся, і ён прапанаваў мне працу. Выслаў неабходныя дакументы, скан пашпарта, яны купілі квіткі, і я паехаў у Папуа — Новую Гвінею на паўгода.

Шлях заняў 36 гадзін! Ляцеў па маршруце Варшава — Доха — Маніла — Порт-Морсбі.

Перад пераездам ніяк асабліва не рыхтаваўся. Паглядзеў толькі ролік Варламава і падумаў: «Ну, я з гэтай краінай лепей спраўлюся».

Беларусам у Папуа — Новую Гвінею патрэбная віза (можа быць электронная). Працадаўца цалкам займаўся маімі дакументамі. Спачатку ў мяне была віза на месяц, потым яе працягнулі, у выніку замяніўшы на працоўны ДНЖ на тры гады.

Калегі ўвесь час прасілі фатаграфаваць гэтых дзяўчат. Адрозніваюцца камплекцыяй ад тыповых папуасак

Я і ўвесь час працаваў, і ўвесь час адпачываў

Кампанія, у якой я працаваў, займаецца ўкараненнем GPS-маніторынгу. Кліенты — лагістычныя, ахоўныя і горназдабыўныя кампаніі. Маніторылі самазвалы, грузавікі, асабісты транспарт супрацоўнікаў.

Папуа — Новая Гвінея — небяспечная краіна. Трэба пастаянна сачыць за ўсімі аўтамабілямі — высокі шанец, што абрабуюць ці нападуць на кіроўцу.

У кожнай машыне ёсць аварыйная кнопка. Калі нешта здараецца, у цэнтр маніторынгу паступае апавяшчэнне і каманда выязджае на месца здарэння. У большасці аўтамабіляў у краіне ўсталяваная маніторынгавая сістэма.

Мяне запрашалі на пасаду кіраўніка. І займаўся я практычна ўсім. Былі вельмі недакладныя межы паміж працай і асабістым часам. Я і ўвесь час працаваў, і ўвесь час адпачываў.

Займаўся кіраваннем: апісваў і аптымізаваў працэсы, алічбоўваў дакументацыю. Настройваў софт. Удзельнічаў у спаборніцтвах па картынгу, настройваў, як інжынер, картынг для свайго боса. Удзельнічаў у дабрачынных івэнтах як маркетолаг.

Усё забяспечвала кампанія

Кампанія давала мне ўсё: легалізацыю, працу, кватэру, машыну і бяспеку. Я там быў як сацыяльнае дзіця. Абавязкаў было шмат, кола знаёмстваў і забаў — арганічныя. Ужо праз тры тыдні становіцца ўсё зразумела. Забавы паўтараюцца, а тое, чым прывык займацца ў Еўропе — ездзіць на ровары, сустракацца з сябрамі, — там было раскошай.

Дык чаму ж я заставаўся там? Мяне затрымалі ў Папуа — Новай Гвінеі абяцанні з боку кіраўнікоў, практычны досвед, адказнасць перад кліентамі і змены, якія я ініцыяваў.

Спаборніцтвы па картынгу прыносілі шмат радасці, а катанне на матацыкле ў незнаёмай краіне, дзе асяроддзе кажа, што гэта небяспечна і ні да чога добрага не прывядзе, — давала столькі шчасця, што ўсё астатняе здавалася чымсьці часовым.

Чатыры тысячы кандыдатаў на выбарах і бойкі раён на раён

Мясцовыя вельмі неабавязковыя — вечнае заўтра і ў працы, і ў асабістых адносінах.

Вось прыклад: я хацеў стаць пілотам, здалося, што гэта будзе вельмі проста зрабіць. Праз удалы збег абставінаў пазнаёміўся з уладальнікам верталётнай кампаніі. Дамовіліся навучацца разам, але ўсё зацягнулася, і не было святла ў канцы тунэля.

Перашкодзілі выбары! Там дзіўная сістэма: ледзь не чатыры тысячы кандыдатаў. Кожная група вылучае свае кандыдатуры. Усяму гэтаму спадарожнічаюць бойкі, сутыкненні. У дадатак там былі ўнутраныя рэчы, нібыта бягучы прэм'ер даў хабар, былі разборкі і нават забойствы.

Я гуляў у футбол, хтосьці даў мяч не так — і ўсё, пачынаюцца бойкі на 50 чалавек. Там да гэтага часу папулярныя бойкі раён на раён, кідаюцца камянямі.

У аднаго з маіх ахоўнікаў быў лук з атручанымі стрэламі. У экспатаў заўсёды ёсць агнястрэльная зброя. Шмат наркотыкаў, спякота, нецярпімасць, нізкі ўзровень жыцця. Адчуваецца нерэалізаваная энергія і незадаволенасць жыццём.

Задворкі супермаркета

Нармальна мець 8—12 дзяцей. Высокая смяротнасць, бо шмат ДТЗ (ездзяць п'яныя). Наогул, мясцовыя могуць гадзінамі стаяць каля дарогі і чакаць, пакуль хтосьці разаб'ецца. Гэта падстава ўсё забраць з машыны і так разжыцца.

Мне здавалася, што папуасы самі ствараюць імправізаваныя блокпасты! Трэба заплаціць, каб яны прыбралі дрэва, якое яны самі ж кінулі.

У многіх мясцовых пастаянна пакусаныя ногі, праз высокую вільготнасць раны дрэнна гояцца. Змеі часта кусаюць. Медыцына платная, у клініках працуюць філіпінцы і кітайцы. Філіпінцы там як сярэдні клас, ездзяць у Папуа на заробкі — атрымліваюць 1000 даляраў, а таксама ежу і жыллё.

Прыём у лекара каштуе 100 даляраў. У мясцовых жа няма доступу да медыцыны.

На рынак ходзіш з ахоўнікам, мясцовыя жывуць у халупах

Цэны вельмі высокія, калі хочаш падтрымаць еўрапейскі ўзровень жыцця. Прадукты ў крамах у 2-6 разоў даражэйшыя, чым у Польшчы.

Ёсць рынкі для мясцовых. Туды трэба ісці з ахоўнікам — могуць абрабаваць. І там такія жудасныя прадукты — рыба, вылаўленая з бруднай затокі, садавіна, рыс.

Увогуле, у Папуа — Новай Гвінеі людзі выжываюць. Бачыў дзяцей з уздутымі жыватамі.

У краіне даволі дрэнна з экалогіяй. Смецце не перапрацоўваюць, а спальваюць, праз гэта ў нізінах моцны смог. Белыя жывуць на пагорках, а ўнізе, дзе мясцовыя, — смог, цяжка дыхаць. Плюс чамусьці паляць траву, і стаяў таксічны пах. У дадатак нерэальная спякота — заўсёды мінімум плюс 30.

Рынак у горадзе Лаэ

Мясцовыя жыхары жывуць па-за любымі эканамічнымі адносінамі: так мала зарабляюць, што нічога не могуць купіць. Займаюцца земляробствам або бартарам, ловяць рыбу. Так і выжываюць.

Нават нармальных дамоў няма, усё будуецца з бляшаных лістоў. А ў вёсках наогул жывуць у драўляных халупах на палях.

Я ўбачыў, як адукаваныя людзі, якія ў сябе дома прапаведуюць сартаванне смецця, на астравах заплюшчваюць вочы на розныя экалагічныя злачынствы мясцовых (і свае таксама).

Порт-Морсбі. APAC Haus

Дарога дадому ў Еўропу

Я пачаў заўважаць, што прапанаваныя мной змены не знаходзяць водгуку ў майго боса, які быў часта заняты картынгам і забаўкамі. Праведзеная праца не заахвочвалася. Мне абяцалі адно, а я атрымаў іншае. Усё гэта было пераплецена з унутранымі канфліктамі ў кампаніі, часам не разумеў, што да чаго.

Мы дамаўляліся: калі мне не спадабаецца, то я вяртаюся назад у Варшаву. Так і адбылося. А пазней мяне запрасілі працаваць у Танзаніі. Але пра гэта іншым разам.

Тыповы захад сонца. Від з дома

Плюсы жыцця ў Папуа — Новай Гвінеі

Я вынес адтуль бясцэнны досвед. Навучыўся дамагацца сваёй мэты, агучваць свае патрэбы. Хацеў быць пілотам — праходжу навучанне. Шмат меў зносін з супертаксічнымі багатымі людзьмі, у якіх усё ёсць. Сустракаў незвычайных, смелых і пазітыўных людзей — імі натхняўся.

Прыехаўшы ў Еўропу, я быў рады мыць посуд, стаяць у чарзе, мыць машыну — гэта стаў мой выбар. Я як той Сізіф, у якога адабралі камень, а ён па ім сумаваў.

Цяпер не страшна ўжо губляць працу або знаходзіць новую. Не так палохае небяспека і смерць. Калі ўжо там атрымалася адаптавацца, то ўжо знаходзячыся ў Еўропе — няма нічога, што магло б здзівіць або збянтэжыць.

У Папуа ўсё было зусім інакш.

Дарогі ў Папуа — Новай Гвінеі. Кювет у траве, ніколі не ведаеш, што чакае за паваротам

Чытайце таксама:

«Тут ёсць увогуле ўсё — і наогул нічога не трэба». Беларуска пераехала ў Тайланд і расказвае, як казачна там жывецца

«Такіх эмоцый, што «ваў!» — іх шмат!» Падарожнік з Салігорска расказаў, як праехаў на скутары ўсю Лацінскую Амерыку

«Бегаюць голыя дзеці разам з качкамі і парсюкамі». Беларуска пераехала ў Гватэмалу і расказвае пра гэту экзатычную краіну

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула