«Контэ Спа» судзіцца з расійскімі іпэшнікамі
Расійскія суды на мінулым тыдні адкрылі некалькі вытворчасцяў па ісках вядомага беларускага вытворцы панчохава-шкарпэткавых вырабаў. У іх гарадзенская кампанія абвінавачвае некалькіх іпэшнікаў у «парушэнні выключнага права» на таварны знак Conte elegant. І патрабуе пакараць іх штрафамі па 50 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна па 530 долараў), піша Office Life.
Фота: conte.by
Office Life выявіў у расійскай судовай картатэцы два прынятыя да вытворчасці на мінулым тыдні пазовы. Але хутчэй за ўсё гэта толькі пачатак.
Звужэнне рынку ва Украіне, дзе доўгі час паспяхова працавала даччыная структура Валянціна і Дзмітрыя Байко «Контэ Украіна», прымушае іх актывізавацца на іншым найважнейшым напрамку збыту — у Расіі.
На ім беларускі бізнэс прадстаўлены пяццю дыстрыб'ютарскімі структурамі і адной фабрыкай «Тэкса». Па выніках мінулага года іх сукупная выручка перавысіла $75 млн. Продажы павялічыліся ва ўсіх збытавых структур, у тым ліку прыкладна на 25% — у галоўнага дыстрыб'ютара «Арст».